Ствараецца Грамадзкі камітэт у абарону рэпрэсаваных

07/04/2006

Сёньня адбылося арганізацыйнае паседжаньне Грамадзкага камітэту ў абарону рэпрэсаваных, які будзе займацца падтрымкай выключаных з ВНУ і звольненых з працы апанэнтаў дзейнай улады. Камітэт зьбіраецца зарэгістравацца ў Мін’юсьце і наладзіць сувязі з замежнымі арганізацыямі, што прапануюць дапамогу беларускім палітвязьням і людзям, што пацярпелі за палітычныя меркаваньні.

У Грамадзкі камітэт у абарону рэпрэсаваных увайшлі прадстаўнікі Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, праваабарочнгага цэнтру «Вясна», выбарчага штабу А.Мілінкевіча, Камітэту бацькоўскай салідарнасьці.

Камітэт адкрыты і для іншых структур і грамадзян. Узначаліла новую структуру жонка Аляксандра Мілінкевіча Іна Кулей. Пра заснавальнікаў новай арганізацыі яна сказала:

( Кулей: ) «Гэта прафэсійныя, падрыхтаваныя людзі, якія адчуваюць адказнасьць і ведаюць, як можна дамагчыся карысьці, не баючыся перашкод з боку ўлады. Ну, а бацькі палітвязьняў, — гэта людзі, якія даўно пераступілі страх, якія ганарацца сваімі дзецьмі, якія таксама зробяць усё і дойдуць да кожнага, каб дапамагчы тым, хто сёньня ў бядзе».

Спадарыня Кулей зазначыла, што камітэт будзе займацца падрыхтоўкай да накіраваньня на вучобу за мяжу выключаных зь беларускіх ВНУ студэнтаў, матэрыяльнай дапамогай сем’ям палітвязьняў і звольненых з працы, арганізацыяй мэдыцынскай рэабілітацыі зьбітых дэманстрантаў. Апрача таго спадарыня Кулей лічыць неабходным наладжваць сувязі з замежнымі камітэтамі ў абарону беларускіх палітвязьняў.

Іна Кулей кажа, што будзе імкнуцца зарэгістраваць ў Мін’юсьце новаствораны Грамадзкі камітэт як рэспубліканскую арганізацыю.

У аб’яднаньне ўвайшла маці аднаго зь нядаўніх вязьняў жодзінскай турмы Ала Кароль:

(Ала Кароль: ) «Гэта не пасада ніякая, гэта пакліканьне душы. Я сустракаюся і размаўляю зь вельмі многімі мамамі, і ўсе цяпер у складаным маральным стане. Мне нават падаецца, што дзеці, якія выходзяць, як мой сын, які вярнуўся пасьля 10 сутак, яны сябе больш упэўнена адчуваюць, чым бацькі. Мы хочам дапамагчы і дзецям, і бацькам».

Віктар Івашкевіч, які прадстаўляе ў Грамадзкім камітэце штаб Мілінкевіча, паведаміў, што на сёньня сабрана каля дваццаці анкет людзей, якіх ужо выгналі з вучобы ці працы за ўдзел у акцыях супраціву, і што каля 100 студэнтаў, якія былі асуджаныя за гэта, застаюцца пад пагрозай адлічэньня.

Колькасьць вучэбных месцаў у Польшчы, Літве, Чэхіі для адлічаных беларускіх студэнтаў ужо сягае пяцісот.

Ёсьць таксама магчымасьці працаўладкаваньня звольненых паводле палітычных матываў празь бізнэс-каналы ды арганізацыі стажыровак пры замежных унівэрсытэтах для тых зь іх, хто мае вышэйшую адукацыю, — паведаміў спадар Івашкевіч.

 

Радыё Свабода