Беларусы ў Празе свае пасланьні накіравалі на крылах папяровых самалётаў

08/04/2006

Дзесяткі папяровых самалёцікаў са свамі пажаданьнямі А.Лукашэнку падрыхтавалі беларусы, якія жывуць у Чэхіі. Да моманту інаўгурацыі яны запусьцілі самалёты на тэрыторыю беларускага пасольства.

Сярод пасланьняў, напісаных на крылах, былі: «Мы не верым у тваю перамогу» , «Вяртайся у калхоз» , «Перадайце Лукашэнку, што Скарына жыў у Празе, а не ў Пецярбургу» , «Третьего не дано!» , «Слава нашым братам у няволі» і інш. На акцыю была выкліканая чэская паліцыя. Тады ўдзельнікі вырашылі працягнуць дзейства каля расейскай амбасады, дзе выказалі асуджэньне маскоўскаму кіраўніцтву за падтрымку беларускага рэжыму.

У паштовую скрынку беларускага пасольства таксама быў апушчаны допіс са словамі Вацлава Гавэла, якія ўсвой час сталі лёзунгам чэхаславацкай аксамітнай рэвалюцыі : «Pravda a laska zvitezi nad zlem a nenavisti» — «Праўда і любоў перамогуць зло і нянавісьць» . На самалётах таксама былі рэпрадукаваныя лёзунгі чэскай вясны «Мы любім Гавэла» . Некалькі дзён таму дыпляматы беларускага пасольства не адчынілі Вацлаву Гавэлу, калі той хацеў наведаць прадстаўніцтва і перадаць свой допіс.