Літоўскіх дэпутатаў не пусьцілі ў Беларусь на ўгодкі чарнобыльскай катастрофы

26/04/2006

Літоўскіх парлямэнтароў не пусьцілі ў Беларусь. Амбасада Беларусі ў Літве адмовіла ў візах літоўскім парлямэнтарам, якія зьбіраліся ў Беларусь на мерапрыемствы, прысьвечаныя 20-м угодкам Чарнобыльскай катастрофы.

Беларускія ўлады не дазволілі прыехаць у краіну тром літоўскім парлямэнтарам — прадстаўнікам кіруючай кааліцыі Скірмантасу Пабедзінскасу і сацыял-дэмакрату Альгірдасу Палецкісу, а таксама Аўдронісу Ажубалісу, прадстаўніку парлямэнцкай апазыцыі і сябру парлямэнцкай групы «За дэмакратычную Беларусь».

Інфармацыйнае агенцтва «Дэльфі» паведаміла, што парлямэнтары зьвярнуліся па візы ў амбасаду Беларусі ў Літве загадзя, два тыдні таму, але дасюль ня мелі ніякага адказу. Толькі сёньня раніцай, перад самым плянаваным ад’ездам яны атрымалі паведамленьне амбасады Беларусі, што ім не дазволяць прыехаць у краіну.

С.Пабедзінскас з партыі працы адзначае з іроніяй:

(Пабедзінскас: ) «Напэўна Лукашэнка падумаў, што гэты візыт можа ўплываць на нацыянальную бясьпеку. Паколькі ў Беларусі чакаецца мітынг, напэўна, улады ня жадаюць, каб прадстаўнікі Літвы былі там».

Парлямэнтары зь Літвы плянавалі ўдзельнічаць у афіцыйных мітынгах і мерапрыемствах, а таксама ў амбасадзе Літвы ў Менску сустрэцца зь літоўцамі, якія жывуць у Беларусі.

С.Пабедзінскас і А.Ажубаліс былі ў ліку парлямэнтароў, якім не дазволілі прыехаць назіральнікамі на выбары 19 сакавіка без тлумачэньня прычынаў. Гэтым разам амбасада Беларусі ў Літве таксама не паведаміла, на якіх падставах літоўскім дэпутатам адмовілі ў візах.


Тацяна Поклад
Радыё Свабода