Прэзыдэнт Польшчы стварае фонд дапамогі дэмакратыі ў былым СССР

23/06/2006

Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі пачаў стварэньне фундацыі дапамогі дэмакратычным зьменам у краінах былога СССР. Фундацыя ня будзе супрацоўнічаць з афіцыйнымі беларускімі ўладамі, але дапамога Беларусі — гэта адзін з прыярытэтных накірункаў у будучай дзейнасьці гэтай арганізацыі.

Праект закону аб стварэньні фундацыі Падтрымкі супрацоўніцтва ўжо перададзены ў Сэйм — Лех Качыньскі спадзяецца, што гэтая арганізацыя пачне працу ўжо ў студзені 2007 году. Плянуецца, што на выкананьне статутных мэтаў у наступным годзе фундацыя атрымае 20 мільёнаў злотых, гэта каля 6,5 мільёнаў даляраў — толькі зь дзяржаўнага бюджэту, а паводле статуту магчымыя таксама і ахвяраваньні ад прыватных асобаў.

Новая фундацыя перадусім будзе займацца перадачай досьведу польскіх пераменаў краінам былога Савецкага Саюзу — у першую чаргу Ўкраіне і Беларусі — і ўзмацняць імідж Польшчы як пасярэдніка паміж Усходам і Захадам.

Будуць ладзіцца шматлікія стажыроўкі для грузінаў, украінцаў, беларусаў, каб яны маглі пабачыць, як функцыянуе дэмакратыя ў Польшчы, як працуе дзяржаўны апарат і як дзейнічае сыстэма кантролю за ўладай.

Эльжбэта Якубяк, кіраўнічка кабінэту прэзыдэнта Польшчы, заявіла журналістам, што пры гэтым фундацыя ня будзе супрацоўнічаць з афіцыйнымі беларускімі ўладамі, але паспрабуе «як мага большай колькасьці беларусаў — і апазыцыянэраў, і не зьвязаных з апазыцыяй — паказаць, як функцыянуе нармальная дэмакратычная дзяржава».
Стварэньне фундацыі Падтрымкі супрацоўніцтва — гэта першы настолькі буйны праект польскай дзяржавы накіраваны на дапамогу дэмакратызацыі былых краінаў СССР.