Святлана Завадская: Рашэнне аб шлюбе я прымала разам з сынам i мамай

28/08/2006

25 жнiўня ўдава тэлеаператара Дзмiтрыя Завадскага, якi быў гвалтоўна скрадзены 7 лiпеня 2000 года, другi раз выйшла замуж. Напярэдаднi Святлана Завадская дала эксклюзiўнае iнтэрв’ю журналiсту «Народнай волi»:

— Святлана, многiя, калi даведвалiся, што ты афiцыйна збiраешся заключыць шлюб, даволi катэгарычна заяўлялi: навошта гэта, жылi б так, не прыцягвалi да сябе ўвагi…

— Мы вырашылi не толькi афiцыйна заключыць шлюб, але i зрабiць вяселле. I не таму, што мне гэтага вельмi хацелася, што я не магла без гэтага, — сказала мне Святлана. — Спачатку мы думалi, што цiхенька распiшамся i ўсё. Але потым нават сваякi настаялi на тым, каб мы зрабiлi вяселле. Напрыклад, за апошнi час у маёй сям’i адбылося тры пахаваннi. Атрымлiваецца, што ўсе сваякi сустракаюцца толькi на такiх сумных мерапрыемствах. I мы падумалi, што нашае вяселле — магчымасць сабраць нашых родных i блiзкiх з прыемнай нагоды. Да таго ж мой абраннiк жэнiцца ўпершыню. I я пайшла на гэты крок яшчэ i з-за яго…

— А ты ўпэўнена, што ўсе цябе зразумеюць, шчыра парадуюцца? Цябе не палохаюць размовы за спiнай, абгаворы, асуджэннi?

— Я ўжо столькi перажыла, што разумею: абгавораў i плётак баяцца не варта. Людзi ўсё роўна будуць гаварыць, хочацца табе гэтага альбо не. Я прыйшла да высновы, што ўсiм дагадзiць немагчыма. Таму думаю не пра тое, хто i што скажа, а перш за ўсё пра сябе i пра сваё дзiця. Сяргей цалкам разумее, якая трагедыя адбылася ў маiм жыццi i падтрымлiвае мяне ва ўсiм. Ён вельмi паважае Дзiму i кажа, што саступiў бы мяне толькi яму. Думаю, што з дапамогай Сяргея я здолею больш зрабiць для таго, каб даведацца, што адбылося з Дзiмам. Так што няхай прадстаўнiкi беларускай улады не думаюць, што калi Завадская выйшла замуж, значыць, яна ўсё даравала i супакоiлася. Я супакоюся толькi тады, калi атрымаю адказ на пытанне, якое задаю паўсюль ужо больш за шэсць гадоў: «Дзе Дзмiтрый Завадскi?». Цяпер побач са мной ёсць чалавек, якi зможа не толькi дапамагчы, але i абаранiць мяне.

— А як сын ставiцца да таго, што ты другi раз бярэш шлюб?

— У прынцыпе, гэта менавiта Юра падштурхнуў мяне да вяселля. I жартам, i ўсур’ёз ён гаворыць: «Калi б не я, мама, то выгнала б ты свае шчасце…» Яны з Сяргеем як сябры. I мне прыемна, што памiж iмi лiтаральна з першага дня склалiся такiя адносiны. Сярожа ставiцца да яго, як да свайго сына. Лiтаральна праз некалькi тыдняў пасля нашага знаёмства Сяргей зрабiў Юры даволi дарагi падарунак. Калi я выказала сваё здзiўленне, ён проста адказаў: «Твой сын — гэта мой сын». Гэта фраза шмат значыла для мяне. Бо я ведаю, што многiя мужчыны могуць забяспечыць дзiця фiнансамi, але далёка не кожны ўскладзе на сябе функцыi бацькi. А Сяргей змог гэта зрабiць. Пры гэтым Юра добра разумее, што Дзiма быў, ёсць i застанецца для яго родным бацькам.

— Ты параўноўваеш Сяргея з Дзiмам?

— Не ведаю, прыемна будзе гэта чуць Сяргею альбо не, але адкажу шчыра: параўноўваю. Падчас нават у дробязях. Здагадваюся, Сяргей гэта адчувае. Бо некалькi разоў я назвала яго Дзiмам. Мне падабаецца, што ён з разуменнем да гэтага ставiцца, бо некаторыя мужчыны, калi я ў iх прысутнасцi ўзгадвала Дзiму, рэагавалi даволi нервова, нават крыўдавалi.

— Мяркую, рашэнне зноў выйсцi замуж далося табе нялёгка…

— Так. Я разважала паўгода. Сяргей двойчы прапаноўваў мне руку i сэрца. I ўсе пытаннi, якiя ты цяпер задаеш мне, мучылi мяне саму. I мне трэба было знайсцi адказы на iх. I прыняць правiльнае рашэнне. Усе ведаюць, якi лёс напаткаў Дзiму. Шкада, вельмi шкада яго. Але ж мне з сынам трэба жыць. Альбо я вызначаю свой асабiсты лёс, свой спакой i жаночае шчасце, альбо раздумваю аб тым, што скажуць iншыя. А што ўсе гэтыя гады бачылi людзi? Яны бачылi мяне на розных акцыях, канферэнцыях. I толькi мой сын бачыў мае слёзы i адзiноту. I калi з’явiўся Сяргей, толькi Юра зразумеў, што гэты чалавек павiнен надоўга затрымацца ў нашым доме… Рашэнне аб шлюбе я прымала разам з сынам i мамай. Я рада, што Юры — 15 гадоў, што ён ужо дарослы i ўсё разумее. I калi я сказала, што мы не будзем рабiць вяселля, то першы, хто абурыўся, быў менавiта сын. Ён сказаў: «Як гэта не будзе вяселля? А я хачу, каб было!». Я зразумела, наколькi для яго гэта важна, калi Юра сказаў, што першы раз у жыццi на маё вяселле апране касцюм i гальштук. Хаця касцюмы ён увогуле цярпець не можа i нiколi не апранае: у яго спартыўны стыль адзення!

— А як адрэагавалi на навiну Iрына Красоўская i Зiнаiда Ганчар?

— З Зiнай Ганчар мы даўно не размаўлялi. А вось Iрына падтрымала мяне i павiншавала. На жаль, яна не змагла прысутнiчаць на вяселлi… Таксама Людмiла Карпенка даслала з Нямеччыны сваё вiншаванне. Я не хачу хаваць iнфармацыю пра вяселле. Не жадаю, каб першым аб тым, што я выйшла замуж, паведамiў Лукашэнка цi Беларускае тэлебачанне, як гэта было ў выпадку з Iрынай Красоўскай. Я хачу сама расказваць пра гэта. Можа, нехта лiчыць, што больш чэсна жыць з палюбоўнiкам, ад усiх хавацца i пры гэтым рабiць выгляд нецалаванай жанчыны. Я так не хачу. I не разумею тых, хто мяркуе, што, выходзячы замуж, я ледзь не злачынства здзяйсняю. Ведаю, што Дзiмы няма ў жывых, ён не вернецца i я проста ўладкоўваю сваё далейшае жыццё. Але, паўтаруся, гэта не значыць, што ўсё, што было ў маiм жыццi да гэтага шлюбу, будзе забыта. Справа нашай сям’i высветлiць, што здарылася з Дзiмам. Дарэчы, у маiм жыццi былi мужчыны, якiя казалi: ды кiнь ты гэтую справу, усё роўна нiчога не даб’ешся, лепш выходзь за мяне замуж, будзеш жыць шчаслiва i багата. Але я так не магу…

— Цяпер ты адчуваеш сябе больш спакойна?

— Так. Самае галоўнае — побач са мной разумны, сур’ёзны i шчыры чалавек. За гэтыя шэсць гадоў я навучылася цанiць прыемныя дробязi. Цяпер Сяргей робiць так, каб прыемнага ў маiм жыццi стала шмат…

 

Абраннiк Святланы Завадскай — сустаршыня незарэгiстраванай арганiзацыi «Малады фронт» Сяргей Бахун:

«Мы пазнаёмiлiся ў Лiтве, — гаворыць Сяргей. — Па шчырасцi, я закахаўся ў Святлану нашмат раней. Я чытаў амаль усе яе выступы ў розных газетах, у тым лiку i ў «Народнай волi». Некаторыя фрагменты яе iнтэрв’ю дагэтуль ведаю напамяць. Яна мне вельмi падабалася па фотаздымках. Я думаў: добра было б з ёй пазнаёмiцца, хаця б проста павiтацца, а потым недзе сустрэцца, як два знаёмыя чалавекi. Мы сустрэлiся выпадкова. I калi пабачыў яе, то адразу падумаў, што яна такая, якой я ўяўляў яе ў сваiх марах. З майго боку гэта было каханне з першага погляду. Я разумеў, што жыву ў Брэсце, яна — у Мiнску, што мне будзе цяжка дабiцца яе рукi. Але я ўсе свае рэсурсы i энергiю накiраваў на тое, каб быць з ёй разам. Я здагадваюся, што яна ўвесь час параўноўвае мяне з Дзiмам. Калi вырашыў прапанаваць ёй руку i сэрца, параiўся з бацькам. Ён сказаў, што Святлана — асоба, якой давялося шмат чаго перажыць. Што яе могуць раздражняць у маiх паводзiнах нейкiя дробязi: напрыклад, як я стаўлю кубак. Я адказаў, што буду ставiць кубак так, як ёй падабаецца. I ўсё буду рабiць так, як яна хоча, толькi б яна была шчаслiвай…»

Дарэчы, у кватэры, дзе жыве Святлана, побач з тэлевiзарам стаiць вялiкi фотаздымак Дзмiтрыя Завадскага. Света гаворыць, што яго прынёс Сяргей…

Марына Коктыш
Народная воля