Суд Ленінскага раёну Менску прызнаў праваабаронцу Кацярыну Садоўскую вінаватай у абразе гонару і годнасьці Аляксандара Лукашэнкі. За патрабаванне правесці псіхіятрычную экспертызу Аляксандра Лукашэнкі, 60-ці гадовая жанчына правядзе 2 гады ў папраўчай калёніі агульнага рэжыму, паведаміла «Радыё Свабода». Паводле судовага рашэньня, Кацярына Садоўская мусіць заплаціць 4 мільёны рублёў кампэнсацыі судзьдзям Кіраўскага раённага суду (Магілеўская вобласьць).
60-гадовая Кацярына Садоўская ўзначальвае беларускую філію Пскоўскага рэгіянальнага грамадзкага руху «Веча». Праваабаронца неаднойчы арганізоўвала пікеты з патрабаваньнем датрыманьня правоў чалавека ў Беларусі. Яна прысутнічала ў судах, дапамагала людзям, якія да яе зьвярталіся з просьбаю дапамагчы ім бараніць свае правы ў пракуратуры і міліцыі. Садоўскую шмат разоў арыштоўвалі і штрафавалі за праваабарончую дзейнасьць.
Спачатку Кацярыну Садоўскую абвінавачвалі ў тым, што яна нібыта зьневажала судзьдзю Кіраўскага раённага суду і пагражала ёй. Падставай для завядзеньня крымінальнай справы стаў запіс з аўтаадказьніка судзьдзі. Голас на стужцы зьневажае судзьдзю і згадвае прозьвішча Садоўскай, якая летась бараніла грамадзяніна Смайлава на працэсе ў гэтай судзьдзі. Да справы далучылі лісты з пагрозамі і праклёнамі, якія судзьдзя атрымала па пошце.
Напрыканцы сьледчых дзеяньняў Кацярыну Садоўскую абвінавацілі і ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. Падставай для гэтай справы стаў зварот арганізацыі за подпісам Садоўскай ад 21 студзеня. У ім праваабаронца патрабавала псыхіятрычнай экспэртызы Аляксандра Лукашэнкі, заклікала да байкоту прэзыдэнцкіх выбараў і абвінавачвала расейскія спэцслужбы ў падтрымцы беларускага ўраду.
Прадстаўніца пракуратуры спаслалася на вынікі лінгвістычнай экспэртызы, згодна зь якімі зьмест ліста ўтрымлівае абразьлівыя выразы на адрас кіраўніка дзяржавы. У судзе высьветлілася, што Кацярына Садоўская ліст пісала — і яна ад гэтага не адмаўлялася, але не пасьпела яго нікому даслаць, бо яе арыштавалі. Ліст знайшлі падчас ператрусу ў кватэры.
Прадстаўніца пракуратуры прасіла пакараць праваабаронцу на тры гады пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму.
У хворай 60-гадовай жанчыны на ўтрыманьні знаходзяцца 84-гадовая маці й муж-інвалід.