Пасьля зачысткі апазыцыйнага поля, дзе цяпер альбо сядзяць у турмах і ў эміграцыі, альбо спрачаюцца за лідэрства; пасьля дэмаралізацыі недзяржаўнае прэсы, рэдактары якой просяць сёньня найвышэйшага дазволу друкавацца і пашырацца ў Беларусі; пасьля ліквідацыі прафсаюзнага руху і выгнаньня пісьменьнікаў з Дому літаратараў, — адным словам, пасьля таго, як былі сагнутыя самыя незгібальныя, змагар-прэзыдэнт адчуў адзіноту і адсутнасьць паўнаты жыцьця, і перавёў свой позірк на тыя грамадзкія групы, дзе быццам бы і не змагаюцца супраць яго, але ж маюць нахабства самастойна мысьліць, выяўляць волю і вызнаваць веру.
Пад каток рэпрэсіўнай сыстэмы патрапілі пратэстанцкая царква «Новае жыцьцё», пра што мы пісалі ў папярэднім нумары, а таксама… афганскія вэтэраны, якія дагэтуль лічыліся ледзьве не апораю сыстэмы Лукашэнкі.
Перш, чым распавесьці гэтую гісторыю, заўважу, што раздражняе правіцеля РБ не палітычная або рэлігійная ці нацыянальная арыентацыя чалавека і групы людзей, а менавіта здольнасьць да самастойнага мысьленьня і самастойнага дзеяньня. Хто ня схільны згібацца, таго папросту ламаюць. Публіцы гэты працэс, як правіла, падабаецца, пакуль чарга не даходзіць да цябе канкрэтна. А калі такая чарга даходзіць — ты хоць гніся, хоць сьцяліся, даломяць усё адно, і ня будзе каму заступіцца. Да гонару вэтэранаў афганскай вайны, яны ўсталі на абарону Паўла Красоўскага да таго, як рэпрэсіі праглынулі іх саміх.
Гаворка ідзе пра артыкул старшыні Таварыства інвалідаў вайны ў Афганістане, ардэнаносца Аляксандра Камароўскага, апублікаваны ў інтэрнэце на старонцы belaruspartisan.org:
«Апошнія месяцы для мяне і нашай арганізацыі — Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня інвалідаў вайны ў Афганістане — адметныя павышанай увагай да нас як з боку шараговых грамадзян, так і спэцслужбаў. — піша А.Камароўскі. — Чым гэта выклікана? У першую чаргу зьяўленьнем на Беларускім тэлебачаньні яўна замоўленай і правакацыйнай перадачы нібыта пра падрыхтоўку маладзёвых тэрарыстаў сябрамі нашага аб’яднаньня».
Спадар Камароўскі распавядае, што за 20 гадоў дзейнасьці афганскія вэтэраны нямала займаліся з моладзьдзю, у тым ліку зь цяжкімі падлеткамі з адной мэтай — адарваць юнакоў ад п’янства, наркаманіі, гультайства ды іншых нэгатыўных праяваў. Празь іх групы вайскова-спартовага кшталту прайшло больш за 10 тысяч маладых людзей. Ад дзяржавы на сваю выхаваўчую дзейнасьць яны за гэты час не атрымалі ні капейкі. Між тым, дзяржава выхаваньнем сур’ёзна не займаецца, у яе на першым месцы — выбары, рэфэрэндумы і ўсхваленьне існуючага ладу, прэзыдэнта і вэртыкалі.
«І вось напачатку жніўня 2006 году мы праводзілі адно такое выхаваўчае мерапрыемства з групай моладзі ў складзе 34 чалавек, сярод якіх былі і юнакі дэмакратычнай арыентацыі, якія знаходзяцца пад прыцэлам спэцслужбаў».
Камароўскі добра ведае гэтых хлопцаў і абсалютна ўпэўнены, што менавіта такія падлеткі — надзея і будучыня беларускай дзяржавы.
«У гэтую групу старэйшым мною быў прызначаны Павал Красоўскі, мой намесьнік па працы з моладзьдзю… Але праз два дні на маладзёвы лягер… быў зроблены, скажу адкрытым тэкстам, паўбандыцкі напад міліцыі і спэцслужбаў у колькасьці 30 чалавек, хоць па добраму мог прыбыць адзін участковы інспэктар і высьветліць усе пытаньні. Але дзе там, была ж заплянаваная маштабная… правакацыя».
Арганізатараў лягера затрымалі.
«За час паўтарагадзінавага допыту мне задавалі пытаньні, якія абсалютна ня тычацца справы, — піша А.Камароўскі. — Супрацоўнікаў міліцыі цікавілі мэты нашага лягера, якім чынам запрашаліся ў лягер людзі, хто выбіраў месца, хто адказваў за бясьпеку, колькі людзей у лягеры размаўляла па-беларуску, ці была ў лягеры незарэгістраваная сымболіка, хто адказваў за прывоз людзей, ці павінны былі прыехаць у лягер замежныя грамадзяне».
Тое, што вэтэранаў Афганістану, якія займаліся з маладымі людзьмі, афіцыйная прапаганда прыраўняла да тэрарыстаў, спадар Камароўскі лічыць маразмам і палітычнай шызафрэніяй:
«У народзе, асабліва сярод малаінфармаванай часткі насельніцтва трэба падтрымліваць пачуцьцё небясьпекі, маўляў, дзяржаве і «Вялікаму Прэзыдэнту», а гэта значыць, і ўсяму беларускаму сялянству, рабочаму, дробнаму і сярэдняму службоўцу, пагражаюць ворагі».
Такім чынам, абвінавачаньні супраць Паўла Красоўскага – за леташнія выбухі ў Віцебску, а таксама за згвалтаваньні і забойствы – ня што іншае, як спроба зламіць яшчэ адну групу беларускага грамадзтва, якая ня надта ломіцца, а менавіта — вэтэранаў афганскай вайны. А.Камароўскі параўноўвае гэтыя абвінавачаньні са шпіянажам на карысьць Японіі, за што ў 1937-м годзе быў расстраляны яго сваяк-лесаруб.
Напрыканцы свайго артыкула «афганец» Камароўскі паведамляе, што ўжо атрымаў пагрозы на свой адрас. Гэта змусіла яго нагадаць пра лёсы зьніклых папярэднікаў — Ю.Захаранкі, В.Ганчара, Д.Завадзкага і А.Красоўскага.
«Мы лічым гэтую справу чыста палітычнай, г. зн. відавочнае жаданьне ўладаў зьнішчыць у зародку саюз апазыцыйнай моладзі і вопытных воінаў у асобе нашага кантынгенту. А тут яшчэ ў дадатак мы абвясьцілі на зьезьдзе 9 верасьня 2006 году пра магчымасьць аб’яднаньня зь ліквідатарамі Чарнобыля і стварэньні агульнанацыянальнай партыі. З-за гэтага і пайшла ўся валтузьня…»
Што ні кажыце, а для такіх заяваў патрабуецца сёньня асабістая мужнасьць. І было б дзіўна, каб гэтае мужнасьці мы не дачакаліся ад вэтэранаў афганскае вайны. Выходзіць, мае рацыю герой нашага «Апытаньня тыдня» Барыс Пятровіч: кожны мусіць бараніць свой гонар сам. Вось чаму адказы на пытаньне «Хто сёньня бароніць гонар беларускай інтэлігенцыі?» у цэлым атрымаліся невыразнымі і неканкрэтнымі. Назаві мы прозьвішчы людзей, з чыёй дзейнасьцю зьвязваем свае спадзяваньні на будучыню, пра іх заўтра ж пакажуць«пяцімінутку нянавісьці» на БТ. Бо людзі мужныя і самастойныя, якія бароняць гонар — свой і краіны — сёньняшняй дзяржаве непатрэбныя. Рэжым выступае супраць любой альтэрнатывы сабе самому. А гэта называецца, словамі зь іншага матэрыялу сёньняшняй «Свабоды» — фідэлізацыяй улады. Гэта значыць, у Беларусі павінна быць, як на Кубе, дзе нават пасьля сыходу Фідэля яшчэ доўга ня знойдзецца каму праводзіць у краіне курс перамен.
А.Уласаў
газэта "Свабода"