Зварот Камітэта абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць»

26/10/2006

Сёння Камітэта абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» распаўсюдзіў Зварот, у якім выказвае пратэст супраць узмацнення рэпрэсій рэжыма ў дачыненні да моладзі і заклікае беларусаў выказаць салідарнасць з лідэрам «Маладога Фронта» Зміцерам Дашкевічем, суд над якім пройдзе 30 кастрычніка. «Калі мы не спынем махавік рэпрэсій зараз, то заўтра новыя ахвяры трапяць за краты! Мы павінны быць пільнымі і не маўчаць, бо заўтра наша краіна можа цалкам ператварыцца ў зону ўзмоцненага рэжыму. Па праву бацькоў мы можам запатрабаваць адказу за цяжкія лёсы нашых дзяцей! Мы патрабуем вызваліць усіх палітвязняў, скасаваць усе вынесеныя прысуды па палітычных матывах! Свабоду Астрэйку, Дранчуку, Севярынцу, Дашкевічу, Фінькевічу!», — гаворыцца ў заяве.

 

Шаноўнае спадарства, грамадзяне Беларусі!

З лютага-сакавіка гэтага года хваля рэпрэсій абрынулася на змагароў за дэмакратычныя перамены, і, у першую чаргу, на моладзь.

Арышты на 10-15 сутак, збіццё, выключэнні з навучальных установаў, ператрусы ў прыватных кватэрах, распачытыя крымінальныя справы — такія сродкі выкарыстоўвала ўлада, каб падавіць пратэсты найбольш смелых і рашучых грамадскіх актывістаў. У перыяд перадвыбарчай кампаніі і сакавіка 2006 года было вынесена 13 крымінальных прысудаў на пазбаўленне волі па палітычных матывах, узбуджана 94 крымінальныя справы, асуджана на шматсутачнае зняволенне ў турме 797 чалавек, агульная колькасць вынесеных штрафаў склала 15000 даляраў. Вясной гэтага года з навучальных установаў былі выключаныя або недапушчаныя да іспытаў 393 студэнты, 49 аспірантаў і магістрантаў.

Махавік рэпрэсій набыў нечаканую сілу. Надзвычай жорсткімі аказаліся прысуды, вынесеныя маладзёнам за распаўсюд улётак — 2 гады «хіміі” 19-гадовамуЗмітру Зубро і 20-гадоваму Аляксандру Казакову, за палітычныя графіці — 2 гады «хіміі» 20 –гадоваму Артуру Фінькевічу.

За кратамі апынуліся сябры «Партнёрства», нядаўнія студэнты ЕГУ, лепшыя з лепшых, абвінавачаныя ў замаху на інтарэсы дзяржавы пры падрыхтоўцы незалежнага назірання.

Амаль пяць месяцаў яны чакалі вырашэння свайго лёсу ў следчым ізалятары КДБ, ва ўмовах страшэннай дыскрымінацыі, без дазволу бачыць сваіх родных і блізкіх.

Мікалай Астрэйка і Цімафей Дранчук былі асуджаны на 2 і 1 год турэмнага зняволення, шэсць месяцаў правялі ў турме Аляксандр Шалайка і Эніра Браніцкая.

У сакавіку былі распачатыя крымінальныя справы супраць 10 маладафронтаўцаў у розных рэгіёнах краіны за ўдзел у дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Праз 6 месяцаў справы большасці з іх былі зачыненыя, але пераслед лідэра «Маладого Фронту» Змітра Дашкевіча прывёў да яго арышта і заключэння ў следчым ізалятары на Валадарскага, дзе сёння ён чакае суда.

Зміцер Дашкевіч, арыштаваны 15 верасня, не зрабіў ніякага злачынства. Гэта добра выхаваны, сур’ёзны, мэтанакіраваны чалавек, які вырашыў прысвяціць сябе служэнню справе нацыянальнага адраджэння. Ён з’яўляецца студэнтам аддзялення беларусістыкі Віленскага Педагагічнага Універсітэта і вернікам евангельскай царквы. Яго маральныя прынцыпы не толькі не дазваляюць яму ўжываць гвалтоўныя метады барацьбы, але, наадварот, зрабілі яго больш чулым, дабразычлівым, сяброўскім.

Дзяржава замест таго, каб падтрымліваць ініцыятывы свядомых юнакоў, усяляк зневажае, катуе, імкнецца застрашыць. Афіцыйна былі зачынены, але працягваюць дзейнічаць Беларускі нацыянальны ліцэй і Еўрапейскі Гуманітарны Універсітэт.

Замест таго, каб аддзячыць Паўлу Севярынцу за цудоўныя кнігі і артыкулы, якія спрыяюць духоўнаму абуджэнню народа, улады другі год трымаюць Паўла ў далёкім лесе на поўначы краіны без права на датэрміновае вызваленне, разам з рабаўнікамі і злодзеямі, як калісьці трымалі Хрыста рымскія легіянеры. А сяброў «Партнёрства», якія свядома вывучалі паліталогію, каб у патрэбны час узяць адказнасць за будучы лёс незалежнай беларускай дзяржавы, пасадзілі на 2 гады за краты ў калонію ўзмоцненага рэжыму. Праз год Зміцер Дашкевіч атрымаў бы дыплом выкладчыка беларускай мовы і літаратуры. Колькі б моладзі змог бы ён далучыць да святой любові да Беларушчыны!

Нас, бацькоў і родных маладых палітвязняў, турбуе пераслед моладзі па палітычных матывах. Выклікае наш гнеўны пратэст тое, што рэпрэсіі накіраваны супраць лепшых прадстаўнікоў краіны, самых перадавых, таленавітых, супраць тых, хто здольны арганізаваць і натхніць аднагодкаў, і ісці разам з імі да лепшай Беларусі.

Ініцыятыўная, адораная моладзь не патрэбна сённяшнім уладам. Лепшых маладзёнаў хочуць прынізіць, пазбавіць сваей асабістай адметнасці, растаптаць іх пачуцці, пасмяяцца над іх перакананнямі. Супрацоўнікі КДБ дазваляюць сабе сярод белага дня прыходзіць у навучальныя установы, дапытваць дырэктароў і навучэнцаў з мэтай трымаць у страху і падпарадкаванні.

Моладзь імкнуцца абвінаваціць у тэрарызме і экстрэмізме, «павесіць» на юнакоў цяжкія нераскрытыя злачынствы мінулых гадоў. Павал Красоўскі быў абвінавачаны ў арганізацыі выбухаў у Віцебску, не гледзячы на тое, што ён знаходзіўся ў гэты час за мяжой. Івана Шылу, аднаго з самых маладых удзельнікаў маладафронтаўскай галадоўкі і шэрагу дабрачынных акцый, наўмысна абвінавачваюць у крадзяжы.

Сродкі масавай інфармацыі імкнуцца ачарніць маладых актывістаў, стварыць у масавай свядомасці вобраз ворагаў, небяспечных баевікоў. Беларускае тэлебачанне, напрактыкаванае ў хлусне, падае звычайны намётавы летнік, большасць насельнікаў якога былі дзяўчаты, як летні лагер для падрыхтоўкі баевікоў.

Наша абурэнне выклікае тое, што лепшыя сыны і дачкі Беларусі аказваюцца пазбаўленымі права на атрыманне вышэйшай адукацыі, што яны вымушаны пакідаць Радзіму, жыць у далечыні ад сваёй сям’і і родных. Юнакі і дзяўчаты пастаянна падвяргаюцца пераследу і псіхалагічнаму ціску. Супрацоўнікі сілавых структур не лічацца ні з пачуццямі, ні з захапленнямі моладзі, урываюцца ў кватэры, канфіскуюць асабістыя рэчы, любімыя кнігі, музычныя запісы і фільмы, сямейныя фотаздымкі, стужкі з нацыянальнай сімволікай і сцягі, пасягаюць на самае святое.

Але гэтаму глумленню супрацьстае моцная хрысціянская вера і высокі дух маладзевых лідэраў, шмат хто з такіх, як і Зміцер Дашкевіч, вызнаюць сябе вернікамі. Іх віна толькі ў тым, што яны ў свой час глынулі паветра свабоды, вучыліся па падручніках гісторыі роднага края на беларускай мове, пасля якіх нельга застацца абыякавымі да лёсу сваёй зямлі. Яны далучыліся да цэркваў, краязнаўчых суполак, скаўцкіх атрадаў, вырашылі быць моцнымі і загартаванымі, з вераю у сэрцах, каб служыць Радзіме.Яны ўсвядомілі сябе нашчадкамі асветнікаў, князеў, ваяроў. Іх немагчыма ні зламаць, ні скарыць!

На наш погляд, грамадскія арганізацыі і рухі, бацькі маладзёнаў, незалежная прэса і міжнародная супольнасць, усе сумленныя грамадзяне павінны тэрмінова прыкласці ўсе намаганні, каб спыніць жорсткі пераслед моладзі, даць будучыню нашым дзецям!

Калі мы не спынем махавік рэпрэсій зараз, то заўтра новыя ахвяры трапяць за краты!

Мы павінны быць пільнымі і не маўчаць, бо заўтра наша краіна можа цалкам ператварыцца ў зону ўзмоцненага рэжыму.

Па праву бацькоў мы можам запатрабаваць адказу за цяжкія лёсы нашых дзяцей! Мы патрабуем вызваліць усіх палітвязняў, скасаваць усе вынесеныя прысуды па палітычных матывах! Свабоду Астрэйку, Дранчуку, Севярынцу, Дашкевічу, Фінькевічу!

Шаноўная грамада, нагадваем Вам, што 30 кастрычніка ў 11.00 у судзе Кастрычніцкага раёна (вул.Сямашкi,33), будзе разглядацца справа Змітра Дашкевіча.