Мікалай Астрэйка: «Я дагэтуль не магу апамятацца…»

21/11/2006

17 лістапада са Шклоўскай калоніі ўзмоцненага рэжыму быў вызвалены лідэр грамадзянскай кампаніі па назіранні за выбарамі Мікалай Астрэйка. Вызваленне палітвязня, прысуджанага да двух гадоў зняволення, было нечаканым нават для яго самаго. “Для мяне гэта было так нечакана, што я дагэтуль не магу апамятацца…”, – прызнаецца Мікалай Астрэйка ў інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97. Нагадаем, што актывісты “Партнёрства” былі асуджаныя за “дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”. Сёння ў турме застаецца яшчэ адзін назіральнік – Цімафей Дранчук.

– Мікалай, чаму Вас вызвалілі?

– Таму што я адбыў адну трэць пакарання, і па законе меў права на замену рэжыму на мякчэйшы, у прыватнасці, на выпраўленчыя працы па месцы жыхарства. За 9 месяцаў зняволення ў мяне не было заўваг. Мой адвакат Валянціна Шыханцова ўвесь час займалася пытаннем майго вызвалення, я прайшоў камісію, і ў пятніцу, у 15.00, мне загадалі сабраць рэчы і вывялі за тэрыторыю калоніі. Для мяне гэта было так нечакана, што дагэтуль не магу апамятацца! Да дому дабіраўся на спадарожнай машыне…

– Як сустрэла сям`я?

– Сям`я сустрэла выдатна. Усе былі вельмі здзіўленыя і вельмі шчаслівыя! Нарэшце, я ўбачыў дачку Лізу, якая нарадзілася, калі я быў у турме… Дачка проста цудоўная! Зараз буду займацца сям`ёй, жадаю быць з блізкімі людзьмі. Для мяне зараз гэта самае галоўнае.

– Сёння Вы павінны былі з`явіцца ў міліцыю?

– Так, я толькі што наведаў Першамайскі РУУС і стаў на ўлік. Зараз буду шукаць працу. Хачу працаваць па спецыяльнасці – юрыстам. Частка заработнай платы будзе адыходзіць дзяржаве.

– Пасля суду Вас накіравалі ў Шклоўскую калонію ўзмоцненага рэжыму, хоць прысуд гучаў "два гады калоніі агульнага рэжыму". Чаму ўзмоцнены рэжым?

– Я не ведаю. Насамрэч у Шклоўскай калоніі вельмі шмат людзей, якія павінны былі трапіць у калонію агульнага рэжыму. Хадзілі чуткі, што гэта звязана з магчымым рэфармаваннем пенітэцыярнай сістэмы. Накшталт як у Беларусі зараз будзе два рэжыму зняволення – агульны і строгі. Але гэта толькі чуткі, дакладна я не ведаю…

– Якія ўмовы былі ў калоніі?

– Звычайныя ўмовы. Не магу сказаць, што да мяне неяк асабліва ставіліся, дадатковага ціску не было. Усе 2000 чалавек у калоніі сядзелі ў аднолькавых умовах. Жыў у атрадзе ў 150 чалавек. Атрад жыў па кубрыках, у адным кубрыке – па 25-30 чалавек. Было, вядома, нялёгка, але я ўжо абвыкся з усім за 9 месяцаў зняволення.

Ежа была не вельмі добрай, ея хапляла для таго, каб не памерці з голаду.

– Былі праблемы са здароўем?

– У мяне хворае сэрца, таму зараз, мабыць, прыйдзецца легчы ў шпіталь на абследаванне. У турэмнай медчастцы не ляжаў. Лічу, што гэта бессэнсоўна, усё роўна там не вылечылі б. Пасля турэмнай ежы сур`ёзна пацярпелі зубы, трэба абавязкова наведаць стаматолага.

– Дзе было цяжэй – у следчым ізалятары ці ў калоніі?

– У СІЗО было значна цяжэй. Ты ўвесь час знаходзішся ў камеры, мала святла, мала паветра, адны і тыя ж людзі. Там у мяне і стала хварэць сэрца з-за недахопу паветра. У “зоне” прасцей. Там ты ўвесь час чымсьці заняты, працуеш, усёткі больш часу праводзіш на паветры. Праца ў мяне была – шыў чаравікі для зняволеных. Дакладней нават не шыў, а дапамагаў шыць, быў дапаможным працоўным.

– Але ўзмоцнены рэжым усёткі адчуваўся, неяк адбіваўся?

– Ён бы адбіўся, калі б я там даўжэй застаўся. Зразумела, там зусім іншы кантынгент, чым у калоніі агульнага рэжыму. Там былі людзі з куды больш сур`ёзным крымінальным мінулым, асуджаныя да вялікіх тэрмінаў зняволення. Але якіх-небудзь прэтэнзій у мяне да адміністрацыі калоніі няма.

– Як складаліся адносіны са зняволенымі?

– Роўныя адносіны былі, усе з разуменнем ставіліся да майго становішча. Якіх-небудзь складанасцяў не было.

– З Вамі ў адной калоніі сядзеў былы кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў?

– Так, я яго там сустрэў. Ведаеце, у “зоне” змяняецца ўспрыманне людзей, зусім не так як на волі. Пагутарыўшы з Рыбаковым, я прыйшоў да высновы, што яго ўсёткі асудзілі залішне строга.

– Як Вы ацэньваеце суд над Вамі і Вашымі калегамі?

– Не хацеў бы зараз даваць ацэнкі. Хачу дачакацца вызвалення Цімафея Дранчука. Але хачу сказаць, што той факт, што, нягледзячы на змякчальныя абставіны, я атрымаў максімальна магчымы тэрмін пакарання, кажа пра тое, што нават фармальна суд парушыў закон. Я ўжо не кажу пра неканстытуцыйнасць самаго артыкула, па якім нас асудзілі, пра тое, як вялося следства, і чаму судовы працэс быў зачынены.

Хартия-97