У Дзень салідарнасці «Міжнародная Амністыя» абвясціла акцыю ў падтрымку Зміцера Дашкевіча

21/11/2006

У Дзень салідарнасці праваабарончая арганізацыя «Міжнародная Амністыя» заклікала беларускія ўлады да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Зміцера Дашкевіча, лідэра моладзевага апазіцыйнага руху «Малады Фронт», якога арганізацыя абвясціла Вязнем сумлення і які знаходзіцца ў зняволенні за мірнае здзяйсненне правоў на свабоду сходаў, аб’яднанняў і свабоду слова. «Міжнародная Амністыя» лічыць ціск і затрыманне апазіцыйных актывістаў і дзеячаў грамадзянскай суполкі спробай улад запужаць людзей і не дазволіць ім здзяйсняць іх асноўныя правы на свабоду слова, сходаў і асацыяцый. «Міжнародная Амністыя» заклікае праваабарончыя арганізацыі простых людзей са ўсяго свету дасылаць паштоўкі альбо лісты падтрымкі і салідарнасці ў турму да Зміцера Дашкевіча.

Лідэра «Маладога Фронту» Зміцера Дашкевіча суд Кастрычніцкага раёна Менска прысудзіў да аднаго з паловай гадоў пазбаўлення свабоды ў калоніі агульнага рэжыму. Прысуд моладзеваму лідэру падчас зачыненага для грамадскасці працэсу вынесла намесніца старшыні суду Кастрычніцкага раёна Ала Булаш. Маладога актывіста абвінавацілі ў парушэнні арт. 193 – «дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі».

Нагадаем, што па артыкуле 193 КК РБ ужо асуджаныя актывісты грамадзянскай ініцыятывы па назіранні за выбарамі «Партнёрства» Цімафей Дранчук і Мікалай Астрэйка, якіх суд прысудзіў да аднаго і двух гадоў пазбаўлення свабоды адпаведна.

Артыкул «дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі» з’явіўся ў Крымінальным кодэксе напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Па меркаванні назіральнікаў, выключна для націску на грамадскіх актывістаў і праваабаронцаў.

«Міжнародная Амністыя» заклікае праваабарончыя арганізацыі і простых людзей са ўсяго свету дасылаць паштоўкі і лісты падтрымкі і салідарнасці ў турму да Зміцера Дашкевіча.

Лісты да Зміцера Дашкевіча можна дасылаць на наступны адрас:

Зміцер Дашкевіч
СІЗО МУС
Вул. Валадарскага, 2
220030 Менск

Праваабарончая арганізацыя таксама заклікае людзей дасылаць звароты да беларускіх улад з заклікам да неадкладнага і безумоўнага вызвалення вязня сумлення Зміцера Дашкевіча;

«Нагадайце беларускім уладам пра іх абязальніцтвы па Артыкулах 196 21 і 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, падпісанага Беларуссю, які гарантуе свабоду слова, сходаў і асацыяцый; заклікайце беларускія ўлады неадкладна пераглядзець законы, нарматыўныя палажэнні і палітыку, якія датычацца рэгістрацыі і дзейнасці НГА, і асабліва Закон аб грамадскіх аб’яднаннях, які быў прыняты ў жніўні 2005, каб яны адпавядалі міжнародным нормам; заклікайце ўлады Беларусі спыніць умяшанне ў справы, запужванне і пераслед актывістаў грамадзянскай супольнасці, якія займаюцца прама і ўскосна садзейнічаннем і абаронай правоў чалавека ў Беларусі», – заклікаюць праваабаронцы.

Накіроўвайце звароты на адрас:

Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь
А.Р.Лукашэнку

Рэспубліка Беларусь
Вул. К.Маркса, 38
220016 г.Менск
Адміністрацыя Прэзідэнта
Рэспублікі Беларусь
Прэзідэнту Лукашэнку А.Р.
Факс: +375 (172) 260-610, 223-872

Генеральнаму Пракурору
Пятру Міклашэвічу

Рэспубліка Беларусь
220050 г. Менск
вул. Інтэрнацыянальная, 22
Пракуратура Рэспублікі Беларусь
Генеральнаму Пракурору
Міклашэвічу П.
Факс: +375 (172) 264-166

Міністру ўнутраных спраў
Уладзіміру Навумаву

Рэспубліка Беларусь
220615 г. Менск
вул. Гарадскі вал, 4
Міністэрства ўнутраных спраў
Рэспублікі Беларусь
Міністру Навумаву У.
Факс: +375 172 26 12 47

+ дыпламатычным прадстаўніцтвам Беларусі ў вашай краіне