Затрыманьні падчас акцыі салідарнасьці ў Віцебску

21/11/2006

Мясцовая моладзь сабралася 16 лістапада а 18-й гадзіне каля помніка Ўладзімеру Караткевічу. Хлопцы і дзяўчаты запалілі сьвечкі і зьбіраліся прасьпяваць гімн «Магутны Божа», калі да іх падышлі міліцыянты.

Напачатку міліцэйскі патруль пацікавіўся, што адбываецца, і пакінуў моладзь. Аднак неўзабаве зьявіліся супрацоўнікі Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі на чале з начальнікам аддзелу аховы правапарадку Аляксеем Шаховічам.

У прысутных пачалі правяраць дакумэнты і перапісваць асабістыя зьвесткі. Мясцовага праваабаронцу Леаніда Сьвеціка, журналіста радыё «Рацыя» Вадзіма Баршчэўскага і старшыню абласной арганізацыі Партыі БНФ Кастуся Смолікава затрымалі, бо у іх не было з сабою пашпартоў.

Супрацоўнікі Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі праверылі па кампутарнай базе асабістыя дадзеныя затрыманых. Пазьней міліцыянты прывялі яшчэ аднаго затрыманага — моладзевага актывіста Сьцяпана Кудзянава, ягоныя асабістыя дадзеныя таксама занатавалі.

Ніякіх пратаколаў у пастарунку складаць ня сталі, аднак выказалі сваё незадавальненьне паводзінамі затрыманых: Сьвеціка, Смолікава і Баршчэўскага абвінавацілі ў падбухторваньні моладзі да парушэньня грамадзкага парадку.

Радыё Свабода