Джордж Буш: «Мы разам з беларускім народам у яго барацьбе за свабоду»

28/11/2006

Прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Джордж Буш сустрэўся сёння ў Рызе, дзе праходзіць саміт НАТА, з лідэрам дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандрам Мілінкевічам, міжнародным каардынатарам Хартыі’97 Андрэем Саннікавым і былым беларускім палітвязнем Міхаілам Марынічам. Беларускіх дэмакратаў прэзідэнту ЗША прадставіла прэзідэнт Латвіі Вайра Віке-Фрэйберга. Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 з Рыгі Андрэй Саннікаў, падчас сустрэчы прэзідэнт ЗША выказаў салідарнасць з беларускім народам у яго барацьбе за свае правы і свабоду.

Напярэдадні сустрэчы з беларускімі дэмакратамі Джордж Буш выступіў у Латвійскім універсітэце. Прэзідэнт ЗША закрануў у сваёй прамове тэму Беларусі. У прыватнасці, ён згадаў, што ў нашай краіне бясследна зніклі лідэры беларускай апазіцыі Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, Юрый Захаранка і журналіст Зміцер Завадскі.

Прэзідэнт ЗША заявіў, што «нашае бачанне цэласнай свабоднай і мірнай Еўропы ўключае Беларусь».

«Мы разам з беларускім народам у яго барацьбе за свабоду», — сказаў прэзідэнт ЗША.