Канада ўвяла эканамічныя санкцыі супраць Беларусі

19/12/2006

У панядзелак урад Канады абвясціў аб увядзенні эканамічных санкцый супраць Беларусі, якія датычацца экспарту тавараў у нашую краіну. Як паведамляецца на сайце ўрада, «Канада па-ранейшаму вельмі занепакоеная тым, што Беларусь працягвае ігнараваць заклікі міжнароднай супольнасці ўсталяваць дэмакратыю».

Паводле міністра замежных спраў Канады Пітэра Маккея (Peter MacKay), Беларусь «упарціцца ў абуральным парушэнні правоў чалавека і законнасці». «Канада і міжнародная супольнасць павінны аказваць ціск на Беларусь, каб палепшыць умовы жыцця яе людзей», — адзначыў кіраўнік канадскага МЗС.

У сваю чаргу міністр міжнароднага гандлю Дэвід Эмерсан (David Emerson) выказаў надзею, што «эканамічны ціск у форме абмежаванняў на экспарт паспрыяе станоўчым зменам у Беларусі».

Паводле пастановы ўрада, любая кампанія, якая пажадала адправіць тавар у Беларусь, павінна звярнуцца да ўлад за экспартнай ліцэнзіяй. Рашэнне аб яе выдачы будзе прымацца ў кожным асобным выпадку. Аднак, як адзначаецца ў паведамленні на сайце ўрада Канады, з дазволамі на пастаўкі гуманітарных тавараў, у тым ліку харчавання, вопраткі, лекаў, інфармацыйных матэрыялаў, і на вываз адзінкавых прадметаў, набытых у асабістае карыстанне, «у большасці выпадкаў» цяжкасцяў не будзе.