У Менску адбылося некалькі акцыяў салідарнасьці

17/01/2007

Сотні людзей выйшлі 16 студзеня на вуліцы Менска і іншых беларускіх гарадоў у знак салідарнасці з сем’ямі зніклых беларускіх журналістаў, беларускімі палітвязнямі, усімі, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі. 100 моладзевых актывістаў запалілі свечкі Свабоды і Салідарнасці ў цэнтры сталіцы на набярэжнай ракі Свіслач. 50 чалавек сталі ланцугом з запаленымі свечкамі і партрэтамі палітвязняў ля цэнтральнага чыгуначнага вакзала. Транспаранты «Свабоду палітвязням!» былі вывешаныя ў розных раёнах горада, незалежныя газеты і ўлёткі распаўсюджваліся па ўсёй Беларусі. Акцыі салідарнасці прайшлі ва ўсіх абласных цэнтрах краіны, а таксама ў Баранавічах, Бабруйску, Жодзіна, Барысаве, Салігорску, Нясвіжы і іншых гарадах. Тысячы беларусаў запальвалі свечкі ў вокнах сваіх дамоў. У шмат якіх краінах свету пікетавалі беларускія дыппрадстаўніцтвы і праводзілі акцыі салідарнасці.

Падчас акцый былі затрыманыя некалькіх актывістаў. У цэнтры Менска ў гэты дзень дзяжурылі ўзмоцненыя нарады міліцыі. Кастрычніцкая плошча, плошча Перамогі, Якуба Коласа і вуліца Няміга былі літаральна ачэпленыя супрацоўнікамі АМАПа.

Моладзевыя актывісты Анастасія Чахоўская, Уладзімір Лукша, Валянцін Сакалоўскі і Аляксей Бондар былі затрыманыя падчас акцыі ля Чыгуначнага вакзалу. 50 моладзевых актывістаў стаялі са свечкамі і партрэтамі палітвязняў. Побач яны паставілі тумбу, да якой прымацавалі партрэты вязняў сумлення. Праз пяць хвілін пасля пачатку акцыі да вакзала пад’ехаў аўтобус з супрацоўнікамі АМАПа. Былі затрыманыя і дастаўленыя ў адзеленне міліцыі чатыры актывіста. Пасля праверкі дакументаў яны былі вызваленыя.

Акцыі салідарнасці адбыліся таксама за мяжой — у Польшчы, Чэхіі, ЗША, Украіне, Расеі, Бельгіі, Швецыі, Эстоніі і іншых краінах свету.

Акцыі салідарнасці праводзяцца ў Беларусі і па ўсім свеце ў 16 дзень кожнага месяца. Тысячы беларусаў і сяброў нашай краіны ва ўсім свеце ў 20.00 запальваюць у сваіх вокнах свечкі Свабоды, праводзяць вулічныя акцыі салідарнасці, павязваюць джынсавыя і бел-чырвона-белыя стужкі на сваёй вопратцы, удзельнічаюць у флэш-мобах і інтэрнэт-акцыях. У храмах па ўсім свеце праходзяць набажэнствы за беларускіх палітвязняў і сем’і зніклых апазіцыянераў.

 

Хартыя`97