Захаваем разам жывое полымя нашае Салідарнасьці!

21/01/2007

Розныя меркаваньні й шматлікія разнастайныя разважаньні аб тым, ці варта адзначаць ў ва ўсёй Эўропе Дзень Салідарнасьці зьяўляюцца ўсё часьцей на старонках не толькі беларускіх незалежных, але й эмігранцкіх мэдый. Інтэрнэт прапануе нават з яго дапамогай распаліць віртуальнае полымя сьвячы на гэты час — «з 19-30 па 20-30 шаснаццатага дня кожнага месяца». Мову выбірае карыстальнік. Нашчасьце, я з тых, хто можа запаліць сапраўдную сьвячу. З радасьцю на сэрцы штомесяц адчуваю сябе пасярод аднадумцаў, калі разам са Ззьвязам і яго сябрамі далучаю свой маленькі агеньчык у гэты вечар да шэрагу сьвятлякоў на пражскіх маставых. А насамрэч, ці варта зьбірацца ў гэты дзень разам, ці варта пад дажджамі й вятрамі няласкавага эўрапэйскага неба спрабаваць хаца б на гадзінку захаваць жывое полымя нашае памяці?

Апанэнты лічаць, што тым, дзеля каго гэта робіцца, сьвятло нашых агнёў зусім не патрэбна; ці так: маладзёвыя акцыі — проста дзіцячыя гульні на радасьць тым, хто хоча адцягнуць увагу ад свае бязьдзейнасьці й прыкрыць сваю абыякавасьць маладым патрыятычным імпэтам. Тэатар Марыянетак пад эўрапэйскі акампанімэнт. Альбо меркаваньні кшталту: запалім паціху дома, навошта выходзіць увечары на вуліцу, галоўнае — паўдзельнічаць. А часьцей за ўсё, нажаль, выказваньні саміх жа пасіўных беларусаў, якія прызвычаіліся да страўсінае пазыцыі і нават у цэнтры Эўропы сваё «абы ціха» маркотна цягнуць да «хаты на ўскрайку».

Аднак тысячы людзей і на Беларусі, і ў розных краінах выходзяць на вуліцы сваіх гарадоў з запаленымі сьвечкамі, каб выказаць салідарнасьць зь семьямі зьніклых у нашай краіне апазіцыянераў, беларускімі палітвязьнямі, рэпрэсаванымі, усімі, хто змагаецца за свабоду Беларусі.
Ініцыятыва праводзіць Дні Салідарнасьці нарадзілася пасьля таго, як 16 верасьня 2005 года, у гадавіну зьнікнення віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савета 13 скліканьня Віктара Ганчара і бізьнэсмэна, грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага, міліцыя разагнала акцыю ў памяць зьніклых і адняла ў яе ўдзельнікаў партрэты зьніклых палітыкаў. Людзі трымалі ў руках таксама партэты выкрадзеных у Беларусі экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі і журналіста Зміцера Завадскага, нацыянальныя сьцягі.

З таго часу акцыі салідарнасьці праводзяцца ў Беларусі і па ўсім свеце 16 дня кожнага месяца. Тысячы беларусаў і сяброў нашай краіны ва ўсім сьвеце а 20 гадзіне запальваюць у сваіх вокнах свечкі Свабоды, праводзяць вулічныя акцыі салідарнасьці, павязваюць джынсавыя і бела-чырвона-белыя стужкі на сваёй вопратцы, удзельнічаюць у флэш-мобах і Інтэрнэт-акцыях.

Акцыі Салідарнасьці адбыліся 16 студзеня 2007 года ня толькі ў Празе, на Старамесцкай плошчы, але і ў Вашынгтоне, Варшаве, Любліне, Кракаве, Беластоке, Познані, Вроцлаве, Кіеве, Санкт-Петярбурзе, Брусэле, Стакгольме і шматлікіх іншых гарадах і краінах.