У Беларусі набыў моц закон «Аб процідзеянні экстрэмізму»

22/01/2007

21 студзеня набыў моц закон «Аб процідзеянні экстрэмізму». Закон тлумачыць паняцці «экстрэмізм» і «экстрэмісцкая дзейнасць», вызначае асноўныя прынцыпы і кірункі процідзеяння экстрэмізму, усталёўвае суб’екты процідзеяння гэтай з’яве і іх паўнамоцтвы, уводзіць меры процідзеяння экстрэмізму.

Сярод такіх мераў можна назваць: прыпыненне дзейнасці арганізацыі; прызнанне арганізацыі, зарэгістраванай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, экстрэмісцкай, забарона яе дзейнасці і яе ліквідацыя; забарона дзейнасці экстрэмісцкіх замежных і міжнародных арганізацый; процідзеянне выданню і распаўсюджванню экстрэмісцкіх матэрыялаў; недапушчэнне ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці пры правядзенні масавых мерапрыемстваў; процідзеянне публічным заклікам службовай асобы арганізацыі да ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці.

Варта адзначыць, што закон «Аб процідзеянні экстрэмізму» разглядаўся Нацыянальным сходам двойчы. Спачатку ён быў прыняты Палатай прадстаўнікоў 11 кастрычніка 2006 года, але быў адхілены Саветам рэспублікі 0 кастрычніка. «Сенатары» палічылі, што шмат палажэнняў праекту патрабуюць дапрацоўкі і ўдакладнення. Аднак 14 снежня ніжняя Палата прыняла яго ў ранейшым выглядзе ізноў. На паседжанні Савета рэспублікі 20 снежня старшыня камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Мікалай Чаргінец паведаміў калегам, што Аляксандр Лукашэнка даручыў абедзвюм палатам забяспечыць прыняцце законапраекта да 1 студзеня 2007 года. У выніку ён быў аднагалосна ўхвалены без абмеркавання.

Падчас гэтага паседжання старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка назваў законапраект «вельмі неабходным», асабліва напярэдадні падзей, якія, паводле яго слоў, рыхтуюць апаненты ўлады. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што з часу мясцовых выбараў, апазіцыя плануе праводзіць бестэрміновыя акцыі грамадзянскага непадпарадкавання, канчатковай мэтай якіх з’яўляецца змена існоўнага ладу. На практыцы атрымалася, што ў перыяд апошняй выбарчай кампаніі закон яшчэ не дзейнічаў, ён набыў моц ужо пасля яе завяршэння.