За свабоду сваёй краіны

22/01/2007

170 чалавек прынялі ўдзел у флэш-мобе ў падтрымку палітзняволеных, які адбыўся 19 студзеня ў Менску. Акцыя прайшла ў 20.30 каля кінатэатра «Аўрора». Людзі з запаленымі свечкамі прайшлі па вуліцы Прытыцкага і потым сталі ў ланцуг.

Некалькі маладых людзей былі затрыманы перад яе пачаткам у раёне станцыі метро «Фрунзенская». Іх пратрымалі ў амапаўскім аўтобусе гадзіну, а потым вызвалілі. Пасля сканчэння акцыі затрыманняў не было.

Акцыю, прысвечаную дню нараджэння беларускага змагара за свабоду Кастуся Каліноўскага, 21 студзеня правялі актывісты грамадзянскай кампаніі «За Свабоду!». 30 чалавек сталі ў ланцуг на перакрыжаванні вуліцы Ванеева і праспекта Ракасоўскага. У руках яны трымалі літары, якія складалі адну з найболш вядомых цытатаў Каліноўскага: «Не народ для ўрада, а ўрад для народа!» Акцыя працягвалася каля 15 хвілін, ніхто з удзельнікаў ня быў затрыманы.

Некалькі расцяжак з лозунгам «Свабоду!» з’явіліся ў горадзе напрыканцы мінулага тыдня. Адна з іх была вывешаная на мосце праз вуліцу Няміга. Яшчэ адна — на парапеце падземнага пераходу каля універмагу «Беларусь». Расцяжкі правіселі некалькі гадзін.

 

Хартыя`97