У Берасці святкавалі Дзень Волі

26/03/2007

Учора, 25 сакавіка, у Берасці адбыліся мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня Волі — дня абвяшчэння незалежнасці Беларускай народнай рэспублікі.

Упершыню за апошнія гады прадстаўнікі дэмакратычных сіл Берасця супольна адзначалі гэтае свята. Пры тым, што значная колькасць берасцейскіх актывістаў паехала ў гэты дзень на святкаванне Дня Волі ў Менск, удзел у святочных мерапрыемствах узялі агулам каля 70-ці чалавек.

У 12-00 у 3-х мікрараёнах горада (Цэнтр, Кавалёва, Усход) актывісты дэмакратычных сіл раздавалі мінікам віншаванні з нагоды Дня волі ад імя Партыі БНФ і інфармацыйны бюлетэнь Берасцейскай абласной арганізацыі БСДП «Грамада» «Разам з народам».

Падчас раздачы каля ЦУМа былі затрыманыя Старшыня Берасцейскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Дзмітрый Шыманскі, актывіст гэтай партыі Юрый Жыдовіч і актывіст БСДП «Г» Антон Стасюк. Затрыманых даставілі ў Ленінскі РАУС, дзе, адпаведна ілжывым рапартам супрацоўнікаў міліцыі, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы Берасцейскага гарвыканкама Дубіна С.В. склаў на ўсіх траіх пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні — распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных.

У 14-00 у мікрараёне «Усход-6» пачаўся футбольны турнір, прысвечаны 89-й гадавіне абвяшчэння БНР. Удзел у турніры бралі каманды Аб’яднанай грамадзянскай партыі, БСДП«Г», Партыі БНФ, Партыі Камуністаў Беларускай. Пераможцы турніра, каманда БСДП «Г», атрымалі каштоўныя прызы і кубак. Адзначым, што турнір праходзіў пад пільным наглядам супрацоўнікаў міліцыі.

Скончылася святкаванне Дня Волі традыцыйным агульным пікніком у лесе.

 

www.dzedzich.org