Заяўнікі Чарнобыльскага шляху падаюць у суд на Мінгарвыканкам

20/04/2007

Мінгарвыканкам дазволіў правядзенне сёлетняга Чарнобыльскага шляху ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор.

Збор удзельнікаў а 18.00, затым шэсце да парку Дружбы народаў, дзе з 20.00 да 22.00 дазволена правесці мітынг. Заяўнікаў акцыі папярэдзілі аб адказнасці ў выпадку парушэння дазволенага маршрута, а таксама выкарыстання незарэгістраванай сімволікі.

Прадстаўнікі аргкамітэту акцыі адмовіліся падпісаць паперы аб папярэджанні. Яны лічаць, што такім рашэннем Мінгарвыканкам парушыў артыкул №6 Закона аб правядзенні масавых акцый, бо рашэнне прымалася без узгаднення з заяўнікамі.

Цяпер аргкамітэт Чарнобыльскага шляху збіраецца падаваць скаргу ў суд на рашэнне сталічных улад. У залежнасці ад таго, што вырашыць суд і будзе ясна, дзе пройдзе акцыя 26 красавіка.