Заяўнікаў Чарнобыльскага шляху запрасіла міліцыя

21/04/2007

У пятніцу заяўнікі «Чарнобыльскага шляху-2007» былі запрошаныя ў ГУУС Менгарвыканкаму для правядзеньня перамоваў наконт мераў па захаваньню бясьпекі падчас акцыі. З боку міліцыі прысутнічалі начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі гораду палкоўнік Найдзенка й ягоны намесьнік падпалкоўнік Мельнік.

К.Маркоўская, прэс-сакратар БНФ: Намесьніку старшыні БНФ Аляксею Янукевічу зрабілі папярэджэньне. Міліцыянт яму прыгразіў крымінальнай справай у выпадку, калі нешта будзе адбывацца падчас правядзеньня Чарнобыльскага шляху ня так, як бы гэтага хацелі ўлады. Апроч гэтага былі прад’яўлены абсалютна неабгрунтаваныя папярэджаньні па прычыне таго, што калі будзе нанесенае пашкоджаньне траве, кветкам, дрэвам, то таксама за ўсё гэта трэба будзе заплаціць. Была створаная адмысловая камісія, якая будзе ацэньваць гэтыя пашкоджанні, нанесеныя ўдзельнікамі мерапрыемства.

Пасьля Чарнобыльскага шляху арганізатарам прыйдзецца заплаціць «Мінскзеленбуду» таксама за пашкоджаньні, нанесеныя ўдзельнікамі Дня Волі. Па падліках Менгарвыканкаму, гэта 700 тыс. беларускіх рублёў.

На сустрэчы ў ГУУС арганізатары «Чарнобыльскага шляху-2007» паінфармавалі міліцыянтаў, што трое зь іх будуць прысутнічаць на плошчы Якуба Коласа дзеля таго, каб перанакіроўваць удзельнікаў на месца збору санкцыянаванае ўладамі — пляцоўку каля Акадэміі навук. У сваю чаргу міліцыянты далі зразумець, што ня будуць перашкаджаць гэтаму працэсу, але выказалі меркаваньне, што сама плошча Якуба Коласа можа быць перакрытая.

Польскае радыё для Беларусі