Прэзыдэнт Камітэту паняволеных народаў: палітыка Лукашэнкі сталінісцкая

18/07/2007

У Нью-Ёрку 15 ліпеня адбыўся традыцыйны штогадовы Марш паняволеных народаў, у якім актыўны удзел узялі беларусы.

Удзельнікі Маршу паняволеных народаў у Нью-Ёрку скандавалі: «Лукашэнка — не! Беларусь — так! Жыве Беларусь! Свабода Беларусі!»

Прэзыдэнт Камітэту паняволеных народаў Хорст Угліч сказаў Радыё Свабода:

Угліч: «Мы ладзім гэты Марш паняволеных народаў сёлета 49-ты раз. Мы будзем гэта рабіць, пакуль усе народы ня будуць вольнымі. Чаму так шмат беларускіх бел-чырвона-белых сьцягоў? У Беларусі дасюль пануе дыктатура, з-за палітыкі Лукашэнкі, якую не тое што нельга назваць дэмакратычнай — яна хутчэй сталінісцкая. Мы падтрымліваем змаганьне беларусаў за дэмакратыю і свабоду».

У маршы бралі удзел Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне, Беларускі моладзевы рух Амэрыкі. Іх прадстаўнікі сказалі Радыё Свабода:

Андрэй: «Мы пратэстуем супраць несправядлівасьці, супраць дыктатураў ва ўсім сьвеце, асабліва ў Беларусі. Вось ідзем маршам, каб нагадаць людзям Амэрыкі, што ў Эўропе ёсьць яшчэ апошні дыктатар — у Беларусі».

Віталь: «Сёньня адбываецца Марш паняволеных народаў, у якім прымае удзел некалькі краінаў, у якіх адбываюцца нядобрыя рэчы. Я зь Беларусі, я — нязгодны з тым, што адбываецца ў маёй краіне, і таму я тут».

Чаму так шмат беларускіх бел-чырвона-белых сьцягоў сёньня?

Віталь: «Таму што нас шмат!.. (чутна, як удзельнікі скандуюць па-беларуску: «Жыве Беларусь!»

Марш пачаўся на скрыжаваньні 5 і 59 авеню, калёна дайшла да Катэдральнага сабору сьв. Патрыка, дзе адбылася імша за ўсе паняволеныя народы, пасьля якой удзельнікі маршу прайшлі да Цэнтаральнага парку на мітынг. У ліку выступоўцаў быў Зянон Пазьняк, які распавёў пра рэпрэсіі ў Беларусі і апошнія затрыманьні моладзевых актывістаў, заклікаў змагацца за вызваленьне ўсіх палітзьняволеных у Беларусі.

 

Тацяна Поклад
Радыё Свабода