Абмежаванне ўезду ў Злучаныя Штаты Амерыкі
7 жніўня 2007 г.
Заява амбасады ЗША
Праз год пасля прыняцця Прэзідэнтам Бушам Пракламацыі 8015 адносна Беларусі рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягвае практыку зняволення і пераследу грамадзян за выказванні ў абарону дэмакратыі, правядзенне мірных дэманстрацый і выступленні супраць рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму. Нягледзячы на тое, што мінулай вясной мела месца некаторае аслабленне рэпрэсіўных мераў, на працягу апошніх некалькіх тыдняў мы сталі сведкамі чарговага пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі.
У адпаведнасці з вышэйазначаным, Дзярждэпартамент ЗША выдаў абноўленае распараджэнне ад 3 жніўня 2007 года, якое ўдакладняе катэгорыі асобаў, чые звароты па візы аўтаматычна становяцца аб’ектам спецыяльнага разгляду, як таго патрабуе Прэзідэнцкая Пракламацыя 8015. Пракламацыя, выдадзеная 15 мая 2006 года, прыпыняе ўезд у Злучаныя Штаты па іміграцыйных ці неіміграцыйных візах асобаў, адказных за палітыку альбо дзеянні, што пагражаюць працэсу пераходу да дэмакратыі ў Беларусі.
Згодна з абноўленым візавым распараджэннем, цяпер аб’ектам працэдур, вызначаных Прэзідэнцкай Пракламацыяй 8015, становяцца візавыя звароты наступных асобаў:
— чыноўнікаў узроўню намеснікаў міністраў і вышэй альбо прыроўненых да іх;
— генеральнага пракурора і яго намеснікаў;
— афіцэраў Міністэрства ўнутраных спраў у званні вышэй за падпалкоўніка;
— афіцэраў КДБ Беларусі ў званні вышэй за падпалкоўніка;
— супрацоўнікаў ідэалагічных аддзелаў Мінскага гарадскога і абласных выканкамаў;
— кіраўніка і намеснікаў кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта;
— членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі;
— старшынь абласных выбарчых камісій;
— старшынь абласных і раённых судоў;
— старшыні Канстытуцыйнага суда;
— дырэктараў і намеснікаў дырэктараў дзяржаўных прадпрыемстваў;
— сужэнцаў пералічаных вышэй асобаў.