Подпісу Беларусі пад Канвэнцыяй аб зьнікненьнях усё няма

30/08/2007

Традыцыю адзначэньня Дня зьніклых бязь вестак 30 жніўня запачаткавала ў пачатку 80-х гадоў лацінаамэрыканская Фэдэрацыя сваякоў зьніклых людзей FEDEFAM. Гэтая арганізацыя ў якасьці першай, а ўсьлед за ёю такія праваабарончыя арганізацыі, як Amnesty International, Human Rights Watch і Мэмарыял, пачалі ўздымаць на міжнароднай арэне пытаньне зьніклых людзей.

Паводле FEDEFAM, практыка затрымліваньня і затым зьнішчэньня людзей стала выкарыстоўвацца ўладамі Гаіці і Гватэмалы яшчэ ў 60-я гады. Зьнікненьні палітычных апанэнтаў сталі ў Лацінскай Амэрыцы, у прыватнасьці, у Чылі ў гады кіраваньня генеэрала Піначэта ледзь ня нормай. Паводле арганізацыі, з 60-х гадоў агулам у Лацінскай Амэрыцы зьніклі бяз вестак 90 тысяч чалавек, а на сёньняшні дзень у гэтым сэнсе найгоршая сытуацыя ў Калюмбіі.

Праваабарончыя арганізацыі засяроджваюцца не на зьнікненьнях у выніку трагічных здарэньняў, і не на краінах, дзе адбываецца пэрманэнтная грамадзянская вайна. Рабочая група ААН, якая займаецца зьнікненьнямі людзей, на сёньняшні дзень зафіксавала амаль 46 тысяч людзей, зьніклых у мірных умовах, зь віны, як правіла, недэмакратычных рэжымаў. Паводле Міжнароднай Амністыі, у 30 краінах сьвету праваахоўныя органы выкарыстоўваюць практыку выкраданьня людзей.

Асабліва драматычная сытуацыя ў Чачэніі. Паводле арганізацыі Мэмарыял, штогод у Чачэніі у сярэднім зьнікаюць 1200 чалавек, пераважна маладых мужчын. Толькі невялікая частка зь іх вяртаецца дамоў, неаднойчы ў абмен на выкуп. Паводле Міжнароднай Амністыі, вельмі частыя выпадкі зьнікненьня людзей ў Турэччыне, Узбэкістане, Босьніі-Герцагавіне, Харватыі, Сэрбіі і Косаве. У 1996 годзе была нават створаная спэцыяльная камісія для расьсьледаваньня зьнікненьняў у Босьніі-Герцагавіне. Як лічыць кіраўнік камісіі Гордан Бэйкан, у гэтай краіне зьніклі бязь вестак 30 тысяч чалавек. Раз-пораз іх знаходзяць у масавых магілах.

Дзякуючы намаганьням праваабарончых арганізацыяў, у 1992 годзе Генэральная Асамблея ААН прыняла адмысловую дэклярацыю ў справе гвалтоўных выкраданьняў. Гвалтоўнае выкраданьне было прызнанае злачынствам у Канстытуцыях шэрагу краінаў сьвету. У сьнежні летась Генэральная Асамблея прыняла Канвэнцыю аб абароне ад гвалтоўнага выкраданьня. Упершыню ў гісторыі зьявіўся міжнародны дакумэнт, які абавязвае ўрады ўключаць выкраданьні людзей у разрад злачынстваў, прадугледжаных заканадаўствам, а таксама гарантаваць судовае расьсьледаваньне і пакараньне віноўных. Канвэнцыя ставіць па-за законам сакрэтнае ўтрыманьне пад вартай, патрабуе паведамляць сваякам і адвакатам аб месцазнаходжаньні затрыманых і прычынах іх затрыманьня.

Беларусь Канвэнцыю не падпісала. «Канвэнцыя аб гвалтоўных зьнікненьнях не актуальная для Беларусі», — заявіла сёлета на канфэрэнцыі ў Ню-Ёрку намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч.