Камісія ААН у гвалтоўных і нядобраахвотных зьнікненьнях працягвае цікавіцца справай былога міністра ўнутраных справаў Юр’я Захаранкі, які зьнік у 1999 годзе.
Днямі адпаведны запыт з ААН атрымаў абаронца інтарэсаў сям’і Захаранкаў юрыст Алег Воўчак. Паводле зьвестак Алега Воўчака, у кастрычніку камісія ААН зьбіраецца на адмысловым паседжаньні разгледзець сытуацыю з расьсьледаваньнем зьнікненьняў палітыкаў у Беларусі. Камісія цікавіцца меркаваньнямі розных бакоў пра гэтыя справы.
Алег Воўчак распавёў Радыё Свабода: «Камісія ААН паінфармавала мяне пра адказ МЗС Беларусі адносна расьсьледаваньня справы Юр’я Захаранкі. Тыя пішуць у ААН, што «расьсьледаваньне працягваецца, але знайсьці выкрадальнікаў не ўдаецца». Камісія цікавіцца нашым меркаваньнем пра расьсьледаваньне.
Наш адказ, безумоўна, будзе крытычным адносна сьледзтва. Мы лічым, што насамрэч ніякіх дзеяньняў не вядзецца. Прыкладам, мы прапаноўвалі дапытаць людзей, якіх розныя крыніцы называлі магчымымі падазраванымі. У першую чаргу гэта камандзір брыгады спэцназу Дзьмітры Паўлічэнка і дзяржсакратар Савету бясьпекі Віктар Шэйман. Але паказаньняў у гэтых асобаў не ўзялі.
Хаця фармальна расьсьледаваньне зноў працягнутае да 24 верасьня, насамрэч пошук Юр’я Захаранкі ў адпаведнасьці з законам не вядзецца. Пра гэта сям’я Захаранкі абавязкова паінфармуе камісію ААН».
Сьледчы пракуратуры Менску Сяргей Кухаронак, які вядзе справу Юр’я Захаранкі, па-ранейшаму адмаўляецца кантактаваць з журналістамі. 29 жніўня ён сказаў карэспандэнту Радыё Свабода, што «не ўпаўнаважаны размаўляць на гэтую тэму».
Алег Грузьдзіловіч
Радыё Свабода