Палітычныя партыі й грамадзкія арганізацыі рыхтуюцца да правядзеньня шэрагу масавых акцыяў — шэсьця й мітынгу з нагоды Дня памяці продкаў і Сацыяльнага маршу.
Сёлета шэсьце і мітынг у Курапатах з нагоды Дзядоў мае адбыцца ў нядзелю 28 кастрычніка.
Актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ ужо атрымалі дазвол Менаблвыканкаму на мітынг у Курапатах. І цяпер чакаюць адказу менскіх уладаў на заяўку аб правядзеньні шэсьця.
Прэсавы сакратар КХП-БНФ Валер Буйвал кажа пра традыцыйны маршрут акцыі — ад гадзіньнікавага заводу да ўрочышча Курапаты.
“Мітынг у Курапатах дазволены”
“Пройдзе шэсьце ў Менску, і будзе арганізаваны мітынг на тэрыторыі Народнага мэмарыялу ў Курапатах. Да гэтага часу мы абавязкова адновім, адрэстаўруем паламаны, пашкоджаны вандаламі Крыж пакутаў, які зьяўляецца галоўным элемэнтам у мастацка-вобразнай кампазыцыі Народнага мэмарыялу ў Курапатах”, — гаворыць Валер Буйвал.
Сойм Партыі БНФ вырашыў падтрымаць шэсьце і мітынг у Курапатах, якія арганізоўвае Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ.
28 кастрычніка разам зь імі шэсьцем на Курапаты пойдуць і сябры грамадзкага аргкамітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.
Аднак свой мітынг-рэквіем ва ўрочышчы яны правядуць у панядзелак 29 кастрычніка ў Дзень памяці.
Гаворыць сакратар аргакамітэту Ўладзімер Раманоўскі.
“29 кастрычніка мы зьбіраемся ў Курапатах, каб праехаць па месцах пахаваньняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій — Трасьцянец, парк Чалюскінцаў, Лошыца ды іншыя. І ў 16.30 мяркуецца пачатак мітынгу-рэквіему ў Курапатах”.
Як паведаміў Радыё Свабода прэсавы сакратар КХП БНФ Валер Буйвал, 4 лістапада ў нядзелю мэмарыяльныя мерапрыемствы адбудуцца і ў Лошыцкім Яры на месцы гібелі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій 1930—1940-х гадоў.
“У горадзе ўжо зьявіліся ўлёткі пра Сацыяльны марш”
У гэты ж дзень аб’яднаныя дэмакратычныя сілы заплянавалі правесьці Сацыяльны марш — акцыю, якая мае на мэце зьмену сацыяльнай палітыкі ў Беларусі.
Пра падрыхтоўку да Сацыяльнага маршу расказвае старшыня аргкамітэту намесьнік старшыні Партыі камуністаў беларускай Валеры Ўхналёў.
“Мы зьбіраем подпісы ва ўсіх 110 акругах за тое, каб дэпутаты Палаты прадстаўнікоў далі справаздачу пра сваю дзейнасьць. Цяпер ва ўсіх акругах будучыя кандыдаты ў дэпутаты ад аб’яднаных дэмсілаў арганізоўваюць гэтыя кампаніі”.
Што да правядзеньня самой акцыі 4 лістапада, то паводле Валера Ўхналёва, цяпер вядзецца інтэнсіўная інфармацыйная кампанія.
“У горадзе ўжо зьявіліся налепкі, новыя ўлёткі пра Сацыяльны марш. Мы цяпер працуем з мэтавымі катэгорыямі — са студэнтамі, з моладзьдзю, з прадпрымальнікамі. Мы думаем, што вельмі вялікая колькасьць прадпрымальнікаў возьме ўдзел у нашай акцыі 4 лістапада, а таксама прыйдзе і моладзь, якая была на Эўрапейскім маршы”, — гаворыць Валеры Ўхналёў.
Тыдзень таму арганізатары даслалі запрашэньні на Сацыяльны марш прэм’еру Сяргею Сідорскаму, намесьніцы кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Пяткевіч, шэрагу міністраў, аднак адказу пакуль не атрымалі.
Заяўку на правядзеньне Сацыяльнага маршу падалі ў Менгарвыканкам яшчэ на пачатку верасьня. Маршрут — шэсьце ад Кастрычніцкай плошчы па праспэкце Незалежнасьці да Нацыянальнай бібліятэкі й правядзеньне там мітынгу.
Адказ ад уладаў пакуль не атрыманы, аднак Валеры Ўхналёў не выключае, што ім могуць прапанаваць аналягічны, як у выпадку з Эўрапейскім маршам, маршрут — ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор.
Згодна з вынікамі апытаньня, праведзенага ў верасьні Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, Сацыяльны марш падтрымлівае больш за 22% рэспандэнтаў, тады як Эўрапейскі марш — толькі 6,5%, аднак паводле сацыёлягаў, падтрымка яшчэ не азначае ўдзелу ў гэтай акцыі.
Ганна Соўсь
Радыё Свабода