Рада Эўропы заклікае вызваліць усіх палітвязьняў

24/01/2008

Удзельнікі Канфэрэнцыі міжнародных няўрадавых арганізацыяў Рады Эўропы заклапочаныя пагаршэньнем сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

У адмысловай рэзалюцыі, прынятай на пасяджэньні ў Страсбуры, выказваецца «глыбокая занепакоенасьць рэзкім пагаршэньнем сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў 2008 годзе». Цягам двух тыдняў ня менш за 45 чалавек былі арыштаваныя, а сотні людзей жорстка зьбітыя супрацоўнікамі праваахоўных органаў падчас мірнай дэманстрацыі.

Паводле рэзалюцыі, «аўтарытарнае кіраваньне ў Беларусі прывяло да дыскрымінацыі правоў большасьці беларусаў».

Удзельнікі канфэрэнцыі выказалі заклапочанасьць тым, што палітвязьні Аляксандар Казулін, Андрэй Клімаў, Артур Фінькевіч, Аляксандар Зьдзьвіжкоў дагэтуль знаходзяцца за кратамі.

Яны заклікалі беларускія ўлады «вызваліць усіх палітвязьняў, спыніць ціск на палітычныя партыі, няўрадавыя арганізацыі і перасьлед іх актывістаў, выключыць са складу крымінальных злачынстваў сяброўства ў незарэгістраванай арганізацыі і дзейнасьць ад яе імя, паважаць права грамадзян на свабоду асацыяцыяў і сходаў, не перашкаджаць дзейнасьці недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, а таксама стварыць умовы для правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў згодна з эўрапейскімі выбарчымі стандартамі».