На свабодзе Юрый Лявонаў

26/01/2008

Учора з Бабруйскай калоніі пасля паўтарагадовага зняволення на волю выйшаў ваўкавыскі прадпрымальнік Юрый Лявонаў. Суд змяніў прыгавор на больш мяккі. Пасля выхаду Лявонаў даў інтэрв’ю Радыё Рацыя.

— Учора пасля 15-й гадзіны мяне спыніў афіцэр рэжымнага аддзелу зоны і аб’явіў , што мяне ў гэты ж дзень вызваляюць. Пра гэта ж мне сказаў дзяжурны памочнік начальніка калоніі, і мне далі гадзіну на зборы. За гадзіну я паспеў адзначыцца ў рэжымным аддзеле, сабраць свае рэчы, а заадно і раздаць іх. А таксама запарыць гарбату з хлопцамі, з якімі я сядзеў. Гэта звычай такі.

— З якой матывацыяй вас вызвалілі?

— Прэзідыум Гродзенскага абласнога суду на падставе пратэсту пераглядзеў маю справу. Праўда, не ведаю, хто ўносіў пратэст. І мне суд змяніў тэрмін. Канчатковы тэрмін 1 год 6 месяцаў. Такім чынам атрымліваецца, што мой тэрмін скончыўся 6 студзеня і я перасядзеў некалькі дзён.

— Хто вас сустрэў пасля выхаду з калоніі?

— На свабодзе ў адзіноце я прабыў толькі паўгадзіны. Першымі з’явіліся хлопцы з бабруйскага «Маладога фронту», потым знаёмыя, а потым і сябры.

— За апошні тыдзень былі вызваленыя Вы, ваш калега Мікалай Аўтуховіч. Лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч. Чым вы можаце патлумачыць вызваленне палітычных вязняў?

— Я думаю, што ўсе гэтыя вызваленні звязаныя паміж сабой. Відаць нехта ці нешта прымушаюць улады ісці на такія крокі.

— Якія ў вас планы на бліжэйшы час?

— Бліжэйшы час правяду ў коле сяброў. А што тычыцца бізнэса, я спадзяюся, што буду займацца той справай, якой і займаўся.

— Якія былі ўмовы ўтрымання ў калоніі?

— Што тычыцца ўмоваў утрымання, то ў мяне няма ніякіх прэтэнзіяў ні да адміністрацыі калоніі, ні да атачэння, у якім я знаходзіўся. Лічу ўмовы даволі цярпімымі.

— Што вы адчуваеце, знаходзячыся другі дзень на волі?

— Пакуль мне цяжка ўявіць сябе на свабодзе, але з іншага боку ў мяне склалася ўражанне, што я гэтыя гады там не сядзеў. Нічого не змянілася, усё засталося па-ранейшаму.

6 ліпеня 2006 году суд Кастрычніцкага раёну Гродна пакараў уладальніка ваўкавыскай фірмы «Ніка-транс» Юрыя Лявонава трыма гадамі пяццю месяцамі зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць і нявыплату часткі падаткаў. Ягоны дзелавы партнёр Мікалай Аўтуховіч атрымаў тры з паловай гады і быў вызвалены 18 студзеня.