Прэмія імя Захаранкі прысуджаная журналісту Аляксандру Тамковічу

06/02/2009

Прэмія ўручаецца штогод дэмакратычным рухам, якія аб’ядноўваюць афіцэраў — былых супрацоўнікаў праваахоўчых органаў і іншых сілавых структураў Беларусі.

Як паведаміў БелаПАН адзін з заснавальнікаў прэміі, ветэран вайны ў Аўганістане, праваабаронца Алег Воўчак, лаўрэатам прэміі імя Юрыя Захаранкі па выніках 2008 года стаў журналіст Аляксандр Тамковіч.

"Было шмат кандыдатураў на гэтую прэмію, — адзначыў А.Воўчак. — У іх ліку — кіраўнік грамадскай арганізацыі "Саюз Чарнобыль-Беларусь", зарэгістраванай ва Украіне, Аляксандр Ваўчанін, старшыня аргкамітэта па стварэнні аб’яднання ветэранаў баявых дзеянняў Аляксандр Камароўскі".

"Тым не менш нашыя таварышы — афіцэры ў розных рэгіёнах Беларусі абралі Аляксандра Тамковіча, таму што ў барацьбе за дэмакратычныя каштоўнасці незалежная прэса ў 2008 годзе была на пярэднім плане. І Аляксандр Тамковіч вельмі шмат зрабіў у свой час для яе развіцця. Акрамя таго, нягледзячы на хваробу і розныя спосабы ціску, уключаючы судовы пераслед, ён застаўся верны прынцыпам аб’ектыўнай і непрадузятай журналістыкі", — сказаў А.Воўчак.

Па словах праваабаронцы, для яго стала адкрыццём, што А.Тамковіч па адукацыі з’яўляецца вайсковым карэспандэнтам. У свой час ён скончыў Львоўскую ваенную вучэльню, факультэт ваеннай журналістыкі, і быў накіраваны працаваць у Беларусь у газету "Во славу Родины", паведамляе Белапан.

У розныя годы лаўрэатамі прэміі імя Захаранкі былі палітык, генерал Валеры Фралоў, праваабаронца Гары Паганяйла, экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.