25 cакавіка. Панічны страх дыктатуры

25/03/2009

Некалькі тысячаў салдатаў унутраных войскаў былі ўведзеныя ў Менск 25 сакавіка.

У дзень, калі краіна адзначала гадавіну ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі, улады фактычна ўвялі ў сталіцы надзвычайнае становішча.

Свята 25 сакавіка называецца ў Беларусі Днем Волі. У гэты дзень, 91 год таму, была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка, якая паклала пачатак утварэнню незалежнай Беларусі. Арганізатары акцыі — Партыя БНФ — падавалі заяўку з просьбай дазволіць правядзенне акцыі ад плошчы ля Акадэміі Навук да Кастрычніцкай плошчы. Менскія ўлады дазволілі толькі сбор удзельнікаў акцыі ля будынку Акадэміі Навук, традыцыйна накіраваўшы шэсце не ў цэнтр сталіцы, а ў «спальны раён» — на плошчу Бангалор. Арганізатары акцыі заявілі, што забарона ўладаў на правядзенне мірнай акцыі незаконная і рашэнне, куды ісці ад Акадэміі Навук, прымуць самі удзельнікі дэманстрацыі.

У выніку напярэдадні акцыі сталі праходзіць традыцыйныя прэвентыўныя арышты апазіцыянераў. Супрацоўнікамі міліціі і ДАІ ў рэгіёнах затрымліваліся дэмакратычныя актывісты, якія 25 сакавіка ехалі на акцыю ў Менск. Напярэдадні і ў дзень дэманстрацыі прайшлі ператрусы ў кватэрах актывістаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і «Маладога Фронту». У маладых людзей канфіскоўваліся нацыянальныя сцягі, расцяжкі, друкаваная прадукцыя. Моладзевых актывістаў затрымлівалі яшчэ за гадзіну да акцыі, хапаючы на вуліцах, збіваючы, адбіраючы транспаранты і ўлёткі.

Тым не менш ў 18.00 на пляцоўцы ля Акадэміі навук сабралася некалькі тысячаў чалавек. Велізарная колькасць нацыянальных сцягоў, сцягоў Еўразвяза стваралі святочную атмасферу. Акрамя сцягоў, менчукі прынеслі паветраныя шарыкі і кветкі — белыя і чырвоныя. Шмат хто прыйшоў з сем’ямі, дзецьмі.

У акцыі прынялі ўдзел лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч, лідэры Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, Віктар Івашкевіч і Вінцук Вячорка, каардынатар Хартыі’97 Зміцер Бандарэнка, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідэр Сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч, актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бародка, Яўген Афнагель, Павал Юхневіч, Максім Вінярскі, сустаршыня аргкамітэта партыі БХД Павал Севярынец, лідэр руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, лідэр «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч, лідэр «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, намесніца Аб’яднанай грамадзянскай партыі Людміла Гразнова, народны паэт Беларусі Генадзь Бураўкін, знакаміты драматург Уладзімір Халіп і іншыя вядомыя ў краіне людзі.

Дэманстранты трымалі велізарныя бел-чырвоныя палатніны, расцяжкі «Еўрапейская Беларусь!», «Свабоду палітвязням», «Беларусь — у Еўропу!». Бесперапынна гучалі лозунгі «Жыве Беларусь!» і «Незалежнасць!».

На пляцоўцы ля Акадэміі навук прайшоў кароткі мітынг. Выступоўцы — лідэры апазіцыі, прадстаўнікі інтэлігенцыі, моладзевыя актывісты – віншавалі беларусаў з Днём Волі, выказаўшы упэўненасць, што гэты дзень рана ці позна будзе адзначацца як дзяржаўнае свята.

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі папросіў тых удзельнікаў акцыі, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, падняць рукі. У адказ на плошчы, якая грымела ад лозунгаў «Жыве Беларусь!», усталявалася цішыня. Не было паднята ніводнай рукі. Лявон Баршчэўскі паведаміў, што 24 сакавіказаяўнікі акцыі накіравалі ў Менгарвыканкам ліст, у якім пазначана, што вуліца Сурганава не прыстасаваная для прахода па ёй вялікай колькасці людзей, таму на плошчу Бангалор, дзе гарадскія ўлады санкцыянавалі мітынг, дэманстранты прайсці не змогуць.

Старшыня аргкамітэта па стварэнні Народнай Грамады (Сацыял-дэмакратычнай партыі) Мікола Статкевіч заявіў, што «на балота, на собачую пляцоўку ніхто ісці не збіраецца». «На ёй немагчыма стаяць са святым бел-чырвона-белым сцягам і нашымі святымі сімваламі», — заявіў палітык.

У выніку намеснік Партыі БНФ Віктар Івашкевіч заклікаў удзельнікаў акцыі стаць ланцугом уздоўж праспекта Незалежнасці са сцягамі і транспарантамі і прастаяць так на працягу гадзіны, нагадаўшы людзям пра Дзень Волі і палітычных вязняў, якія знаходзяцца ў турмах.

Частка людзей стала ўздоўж праспекта, як заклікаў Віктар Івашкевіч. Аднак калона моладзі, прыкладна з 500 чаловек, рушыла ў бок Кастрычніцкай плошчы, скандуючы «Незалежнасць!», «Не саюзу з імперскай Расеяй». «Свабоду палітвязням!». У калоне ішлі актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», «Маладога Фронту» і «Маладой Беларусі».

Маладыя апазіцыянеры змаглі прайсці такім чынам 100 метраў. На перасячэнні праспекта Незалежнасці з вуліцай Броўкі дарогу дэманстрантам перагарадзілі некалькі сотняў супрацоўнікаў АМАПа, экіпіраваных дубінкамі. Сотні амапаўцаў выстраіліся шарэнгамі на двух баках праспекта.

Тады моладзевыя лідэры Яўген Афнагель і Артур Фінькевіч заклікалі дэманстрантаў не паддавацца на правакацыі ўладаў. Паводле іх словаў, дзеянні сілавікоў супраць мірных дэманстрантаў паказалі, якая на самой справе «лібералізація», дэкляраваная беларускім рэжымам.

Калона моладзі павярнула назад да Акадэміі Навук. Маладыя людзі спрабавалі выйсці на праезжую частку праспекта Незалежнасці, але былі з ужываннем сілы выціснутыя з праспекта. Выціскалі дэманстрантаў на гэты раз супрацоўнікі ДАІ.

Акцыя доўжылася яшчэ каля гадзіны. Людзі стаялі на ўскрайку прспекта са сцягамі і транспарантамі, скандавалі «Жыве Беларусь!», машыны, якія праязжалі, сігналілі ім у знак падтрымкі, некаторыя далучаліся і станавіліся ў агульны ланцуг.

Калі акцыя ўжо скончылася, прыкладна праз гадзіну, з прылеглых да праспекта Незалежнасці вуліцаў сталі выязжаць аўтобусы і грузавікі с супрацоўнікамі ўнутраных войскаў. Толькі з вуліцы Гікалы, побач з плошчай Якуба Коласа, на праспект выехала 44 аўтобуса і грузавіка, напоўненых людзьмі ў форме! Пэўна, столькі ж аўтобусаў і грузавікоў было каля Акадэміі навук, дзе непасрэдна праходзіла акцыя.

Супраць беларусаў, якія адзначалі нацыянальнае свята, былі кінутыя некалькі тысячаў салдатаў…