Ірына Красоўская: У Беларусі адбываюцца касметычныя пераўтварэнні, якія не закранаюць сітуацыю ў цэлым

03/04/2009

Як можна запрашаць у Прагу кіраўніка, у краіне якога былі забітыя віцэ-спікер парламента, міністр унутраных справаў, вядомы грамадскі дзеяч і знакаміты журналіст?

Міжнародная канферэнцыя, прысвечаная памяці першага прэзідэнта Эстоніі Ленарта Мэры, праходзіла ў Таліне 29-31 сакавіка пад патранажам прэзідэнта Эстоніі Томаса Хенрыка Ілвеса. У канферэнцыі прымалі ўдзел міністры замежных справаў краінаў Еўразвяза, высокапастаўленыя еўрапейскія чыноўнікі і вядучыя эксперты. Беларусь традыцыйна прадстаўлялі лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў і кіраўнік ініцыятывы «Мы памятаем» Ірына Красоўская.

Пра тое, як на канферэнцыі ў Таліне разглядалася беларускае пытанне, прэс-цэнтру Хартыі’97 распавяла Ірына Красоўская.

— Ірына, пра што Вы гаварылі з палітыкамі, з якімі сустракаліся падчас Талінской канферэнцыі?

— Перш за ўсё, я хацела данесці інфармацыю пра тое, што ў нашай краіне адбываюцца касметычныя пераўтварэнні, якія не закранаюць сітуацыю ў цэлым. Паколькі сёння Беларусі ў Еўропе надаецца так шмат увагі, паўстае пытанне пра умовы, якія павінны выканаць улады, каб стаць удзельнікамі прапанаваных ім праграмаў. Гэтыя ўмовы простыя — спыненне рэпрэсіяў супраць апазіцыі, змена выбарчага заканадаўства, свабода слова, расследаванне справаў аб выкраданнях і забойствах лідэраў апазіцыі і журналіста. Без выканання гэтых умоваў беларускім уладам не павінныя выдавацца ніякія авансы.

— Еўрапейскія чыноўнікі памятаюць, што ў Беларусі выкралі і забілі лідэраў апазіцыі, уключаючы вашага мужа?

— Еўропа не павінна забываць пра гэта. І я ўзнімаю гэтае пытанне ўвесь час, дзе б ні была. Як можна запрашаць у Прагу кіраўніка, у краіне якога былі выкрадзеныя і забітыя былы міністр унутраных справаў, віцэ-спікер парламента, вядомы грамадскі дзеяч і знакаміты журналіст? Пра што можна размаўляць з чалавекам, калі яго набліжаныя падазраюцца міжнароднай супольнасцю ў дачыненні да гэтых злачынстваў?

— А як Вам падалося, ці хочуць еўрапейскія палітыкі сустрэцца ў Празе з апошнім дыктатарам кантынента?

— Тэарэтычна яны могуць разважаць у тым сэнсе, што можна і запрасіць, паколькі «Усходняе партнёрства» — адна са шматлікіх праграмаў Еўразвяза, і ўсе павінны быць на гэтым саміце. Але калі я наўпрост пыталася пра гэта ў удзельнікаў канферэнцыі, практычна ўсе адказвалі: не. Ніхто не хоча быць крайнім.

Дарэчы, на секцыі, прысвечанай Усходняму партнёрству, журналіст з «Эконаміст» Эдвардс Лукас задаў яе ўдзельнікам простае пытанне: «Хто з вас гатовы паціснуць руку Лукашэнку?». Рукі ўзнялі ўсяго 4-5 чалавек з прысутных 250! Калі ж Лукас спытаў, хто не будзе вітаць беларускага дыктатара ў выпадку яго прыезду ў Прагу, ўзняўся «лес» рук.

На пытанні прэс-цэнтра Хартыі’97 таксама адказаў лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

— Андрэй Алегавіч, ці стала канферэнцыі ў Таліне працягам Брусэльскага Форума, у якім вы нядаўна прынялі ўдзел нароўні з лідэрамі шмат якіх еўрапейскіх краінаў?

— Што датычыць Беларусі, дык, безумоўна, так. Увагі нашай краіне было нададзена шмат. Сітуацыю абмяркоўвалі з надзеяй і з вялікай трывогай. Паспешлівасць, з якой еўрапейскія чыноўнікі паспрабавалі прызнаць беларускую дыктатуру, сёння выклікае вялікія сумневы. Усё больш палітыкаў і прадстаўнікоў еўрапейскіх структураў кажуць пра ўмовы, на якіх могуць будавацца нармальныя адносіны і пра тое, што ўлады Беларусі ўпарта не жадаюць ісці ні на якія сур’ёзныя змены.

Беларусі была прысвечаная цэлая секцыя, шмат казалі пра нас у межах абмеркавання Еўрапейскай палітыкі суседства і праграмы «Усходняе партнёрства». Дарэчы, гэтая праграма падпала пад досыць аргументаваную крытыку. Пра гэта ў прыватнасці казалі старшыня Камітэта па еўрапейскай інтэграцыі Вярхоўнай Рады Украіны Барыс Тарасюк і вядомы расейскі эканаміст, экс-дарадца па эканамічных пытаннях прэзідэнта Расеі Андрэй Іларыёнаў.

Гучала таксама шмат скептычных словаў адносна ўдзелу Беларусі ва «Усходнім партнёрстве». Магу засведчыць, што разуменне тых праблемаў, з якімі сутыкнуўся Еўразвяз, прапаноўваючы новую палітыку ў дачыненні да беларускіх уладаў, расце.

— Гэта значыць у Еўропе пачынаюць разумець, што ўключэнне ў праграму «Усходняе партнёрства» лукашэнкаўскай Беларусі было заўчасным?

— Першапачатковы аптымізм, які мы назіралі ў еўрапейскіх чыноўнікаў, знікае, паколькі яны не бачаць ні сур’ёзных зменаў у Беларусі, ні жадання праводзіць гэтыя змены з боку беларускіх уладаў.

Візіт у Беларусь міністра замежных справаў Гішпаніі Мігеля Марацінаса выклікаў у еўрапейцаў хутчэй збянтэжанасць, чым станоўчыя эмоцыі. Нават еўрапейскія калегі Марацінаса казалі, што дзеянні гішпанскага міністра ніяк не адпавядаюць агульным дамоўленасцям у Еўразвязе. Кіраўнік МЗС Гішпаніі рабіў нейкія прапановы беларускім уладам у абыход цяперашніх старшыняў ЕЗ чэхаў і будучых старшыняў ЕЗ шведаў.

Еўрапейцы ўсё больш разумеюць, што Лукашэнка спрабуе выкарыстаць новую палітыку Еўразвяза ў дачыненні да постсавецкіх дзяржаваў для падтрымання свайго рэжыму ў перыяд крызісу.

— Вядома, што на канферэнцыі ў Таліне Вы сустрэліся з міністрам замежных справаў Швецыі Карлам Більтам. Якой можа быць палітыка Еўразвяза падчас старшынства гэтай краіны?

— Мы абмяркоўвалі якраз тыя падыходы, якія Швецыя збіраецца рэалізоўваць у Беларусі. У гутарках з Карлам Більтам, прадстаўнікамі еўрапейскіх структураў і міністэрстваў мы з Ірынай Красоўскай звярталі ўвагу на неабходнасць узмацнення падтрымкі правоў і свабодаў беларусаў, вызвалення палітвязняў.

У сярэдзіне красавіка Беларусь павінны наведаць шэраг місіяў Еўразвяза для таго, каб вывучыць сітуацыю пасля пачатку новага этапу палітыкі ЕЗ і падаць свае высновы ў Брусэлі. Ад гэтых высноваў шмат у чым будзе залежаць ступень і фармат удзелу Беларусі ў саміце ЕЗ, прысвечаным «Усходняму партнёрству».

— Ці ведаюць еўрапейскія чыноўнікі, што ў Беларусі ёсць палітвязні?

— Безумоўна, еўрапейцы пра гэта ведаюць. Некаторыя спрабуюць заплюшчваць вочы і ігнараваць гэты факт. Іх аргументацыя не вытрымлівае ніякай крытыкі. Казаць пра тое, што трэба дачакацца суду і толькі пасля гэтага лічыць ці не лічыць людзей, якія знаходзяцца ў турме, палітвязнямі проста абсурдна. Хачу нагадаць, што ў адпаведнасці з дакладам ААН, які быў падрыхтаваны гадоў 10 таму, у Беларусі адсутнічае незалежная судовая сістэма. З тых часоў, калі нешта і змянілася, дык ў горшы бок.

— А што еўрапейцаў сёння больш турбуе: магчымае прызнанне рэжымам Лукашэнкі Паўднёвай Асеціі і Абхазіі ці парушэнні правоў чалавека ў нашай краіне?

— Падобна, што больш турбуе геапалітыка, хоць якраз гэта і было прадметам шматлікіх дыскусіяў: як захаваць дэмакратычныя і ліберальныя каштоўнасці ў Еўропе. Еўрапейцам час зразумець, што пытанне аб прызнанні Паўднёвай Асеціі і Абхазіі не дапаможа паляпшэнню сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне. Якраз наадварот: дэмакратычныя працэсы ў Беларусі, павага правоў чалавека знімуць з парадку дня пытанне аб прызнанні сепаратыстаў нашай дзяржавай.

— Зараз у Еўропе вырашаюць запрашаць ці не запрашаць Лукашэнку ў Прагу. Як Вам падалося, якога меркавання прытрымваецца большасць еўрапейскіх палітыкаў?

— Пытанне пакуль не вырашанае. Думаю, што рашэнне будзе прымацца ў апошні момант. Я заўважыў, што ў Еўропе ёсць асабістыя лабісты дыктатара, але жаданне запрашаць Лукашэнку ў Прагу ў большасці еўрапейцаў адсутнічае.

Даведка прэс-цэнтра Хартыі’97:

Міжнародная канферэнцыя, прысвечаная памяці першага прэзідэнта Эстоніі Ленарта Мэры, праходзіць ужо тры гады. Сёлета ў канферэнцыі прынялі ўдзел віцэ-прэм’ер Чэхіі Аляксандр Вондра, міністр замежных справаў Швецыі Карл Більт, міністр замежных справаў Латвіі Марыс Рыексціньш, міністр замежных справаў Эстоніі Урмас Паэт, былы намеснік памочніка Дзяржсакратара ЗША Дэвід Крэймер, міністр абароны Нідэрландаў Эймерт ван Мідэлкоап, міністр абароны Грузіі Давід Сіхарулідзэ, дэпутаты Еўрапейскага Парламента, кіраўнікі дэпартаментаў Еўракамісіі, прадстаўнікі Рады Еўрапейскага Звяза, вядучыя аналітыкі з ЗША, Еўропы, Расеі.