40 дзён бязь Яны Паляковай

15/04/2009

40 дзён таму ў Салігорску пайшла з жыцьця праваабаронца Яна Палякова, незадоўга да таго асуджаная на два з паловай гады “хіміі” паводле абвінавачаньня ў паклёпе на міліцыянта.

Яне Паляковай было 33 гады. Маці нябожчыцы Неаніла Міхайлаўна згадвае, як у сьнежні, прымаючы віншаваньні з днём нараджэньня, дачка казала ў слухаўку тэлефона: “Так, у мяне ўзрост Хрыста. І я таксама пайду да канца”. Неаніла Міхайлаўна кажа, што ўжо пасьля самагубства дачкі зразумела, што Яна мела на ўвазе абвінавачваньне, у сувязі зь якім яе ў тыя дні шмат разоў выклікалі то ў міліцыю, то ў пракуратуру. Нядаўна ў даччыных паперах маці знайшла судовую пастанову: “Яне Паляковай часова забаронены выезд за мяжу як абвінавачанай у крымінальным злачынстве”, — паведамляе дакумэнт, датаваны 26-м студзеня. “Дачка гэтую пастанову так і не падпісала, яна да апошняга не магла пагадзіцца, што яе запішуць у злачынцы”, — згадвае Неаніла Міхайлаўна. Нагадаем, 7-га сакавіка, праз тры дні пасьля суду, Яна Палякова павесілася ў сваёй кватэры.

Маці праваабаронцы Неаніла Палякова кажа, як пражыла гэтыя 40 дзён без дачкі:

“Гэта такая страта. Проста сказаць, што мне цяжка і дрэнна — нічога не сказаць. Вельмі адзінока, самотна. Дзякуй людзям, якія падтрымлівалі. Учора тут было шмат людзей, прыяжджалі адусюль, і цяпер не забываюць. Дзякуй усім”.

14-га красавіка ў Чыжэвіцкім Сьвята-Пакроўскім храме пад Салігорскам Яну Палякову адпелі паводле праваслаўнага абраду. Дазвол на адпяваньне самагубцы мясцовы сьвятар і сваякі нябожчыцы атрымалі ад кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы. Пасьля адпяваньня ўдзельнікі цырымоніі наведалі могілкі, дзе пахавана Яна Палякова, усклалі кветкі на магілу. Праваабаронца Валер Шчукін, які асабіста ведаў Яну Палякову, згадаў пра жыцьцёвыя справы Яны Паляковай і яе трагедыю:

Валеры Шчукін:

“Чалавек займаўся праваабарончай дзейнасьцю. Усе мы па-рознаму гэта робім. Хто болей, хто меней. Яна рабіла сваю справу, як магла. За гэта яе перасьледавалі, як усіх нас. Але калі я, прыкладам, ад гэтага яшчэ зьлейшы станаўлюся, то яна гэтага ня вытрымала. Тым больш калі мужчыны пагражаюць… Як пісала Сьвятлана Алексіевіч: у вайны не жаночы твар. Яна апынулася фактычна на вайне, прыняла на сябе ўдар, ад якога ня вытрывала”.

У Салігорску праваабаронцы раздалі жыхарам гораду ўлёткі, у якіх расказана пра лёс Яны Паляковай і яе праваабарончую дзейнасьць. Як паведаміў Валер Шчукін, мясцовая міліцыя бачыла, што раздаюцца ўлёткі, але не замінала.

17-га красавіка ў Менскім абласным судзе будзе разгледжаная скарга адваката Мар’яны Сямешкі на прысуд, вынесены Яне Паляковай Салігорскім судом. Абаронца дамагаецца адмены прысуду і пасьмяротнай рэабілітацыі Яны Паляковай.