«Чорныя вораны»

04/05/2010

Знікаюць людзі… У ХХІ стагоддзі, у еўрапейскай краіне, якая паводле Канстытуцыі з’яўляецца дэмакратычнай, прававой і вельмі цывілізаванай, адбываюцца падзеі, што вельмі нагадваюць сумнавядомы 1937 год. І на ўсіх узроўнях — цішыня, нібы так і павінна быць.

Ужо больш за месяц нічога не вядома пра лёс старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Аркадзя Карпуця. Другая асоба ў вобласці, член Савета Рэспублікі… Але ў адзін не самы лепшы дзень на працу высокі чыноўнік не з’явіўся, знік, растварыўся ў часе і ў прасторы. Пра лёс гэтага чалавека, які яшчэ нядаўна ўвасабляў сабой мясцовую ўладу, афіцыйна не сказана ні слова. Чуткі ходзяць самыя розныя. Ніхто іх не абвяргае, але і не пацвярджае. Такія ў нашай краіне зараз правілы.

Прайшлі выбары ў мясцовыя Саветы. Аркадзь Карпуць як былы старшыня Бераставіцкага райвыканкама традыцыйна менавіта там балатаваўся і абіраўся на другую пасаду ў вобласці. І на гэтых выбарах спачатку ўсё сведчыла пра тое, што шматгадовы старшыня аблсавета захавае свой партфель дзякуючы выбаршчыкам з Бераставіцы. Ён нават быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты па Бераставіцкай выбарчай акрузе №18, але як толькі Карпуць раптам не дайшоў да свайго працоўнага кабінета — знікла і ягонае прозвішча з перадвыбарных спісаў. Зразумела, што патлумачыць што-небудзь выбаршчыкам ніхто не палічыў неабходным. Вісеў партрэт славутага земляка ў раённай бібліятэцы — раптам знялі са сцяны і з усіх спісаў выкраслілі. Чаму, за што?.. Не ваша справа!

Тым часам відавочцы расказваюць, што Аркадзя Карпуця арыштавалі прама на плошчы Леніна перад будынкам Гродзенскага аблвыканкама нейкія невядомыя ў цывільным. Неафіцыйна абласныя чыноўнікі сцвярджаюць, што арыштоўваў рэспубліканскі Камітэт дзяржбяспекі. Сенатара і старшыню аблсавета нібыта адразу адвезлі ў Мінск, у следчы ізалятар КДБ, таму ў абласным цэнтры нікому ніякія падрабязнасці справы Карпуця не вядомыя. І нават бліжэйшыя падначаленыя неафіцыйна сцвярджаюць, што пра лёс свайго былога начальніка нічога не ведаюць.

Але афіцыйна сказаць хоць што-небудзь (ну, хаця б, што добры і працавіты быў чалавек) ім страшна. Напэўна, у геннай памяці савецкіх людзей застаўся той страшны 1937 год і галоўнае правіла выжывання тых часоў: калі да некага завітаў "чорны воран", то лёсам гэтага чалавека цікавіцца нельга.

І не цікавяцца. Ні чыноўнікі, ні абласныя газеты. Маўчыць міліцыя, анямеў КДБ, набрала ў рот вады пракуратура. Членам Савета Рэспублікі, трэба разумець, таксама няма ніякай справы да лёсу калегі — са спісаў сенатараў яго яшчэ не выключылі, але ўсе робяць выгляд, што нічога неардынарнага не адбылося: ну, не прыязджае чалавек на пасяджэнні — і толькі. Па крайняй меры, "пытанне Карпуця" ні на сесіі Савета Рэспублікі, ні на прэзідыуме не разглядалася. Хаця калі сапраўды Карпуць у СІЗА, то гэта — надзвычайны прэцэдэнт. Бо яшчэ нядаўна менавіта Савет Рэспублікі павінен быў даваць дазвол на падобны арышт, бо на членаў Нацыянальнага сходу распаўсюджвалася "дэпутацкая недатыкальнасць". Але напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў заканадаўства было так "удасканалена", што зараз для арышту не патрэбен не тое што дазвол сенатараў, але і дазвол пракурора. Таму ніхто не можа адказаць на пытанне, сапраўды арыштаваны Аркадзь Карпуць альбо чалавек, вельмі падобны на яго…

Дарэчы, аб пракурорах. Пра дзікую гісторыю з арыштам старшага следчага Генеральнай пракуратуры Святланы Байковай мы ўжо пісалі. Але зараз пра лёс следчага, якая ўзнагароджана вышэйшымі дзяржаўнымі ўзнагародамі, вяла самыя гучныя справы апошніх часоў, вядома яшчэ меней, чым адразу пасля яе арышту.

Нагадаю, што па апошняй справе, якую рыхтавала для перадачы ў суд Святлана Байкова, праходзілі былыя высокапастаўленыя супрацоўнікі КДБ — і Брэсцкага абласнога УКДБ, і нават цэнтральнага апарату. Але раптам у кабінеце Байковай з’явіліся дужыя хлопцы з пастановай на арышт яе самой, якую падпісаў старшыня КДБ Вадзім Зайцаў. Нават генеральны пракурор Рыгор Васілевіч не здолеў вызваліць Байкову, хаця пайшоў на адкрытае супрацьстаянне са спецслужбай і звярнуўся ў суд, каб адмяніць пастанову на арышт Байковай. Суд Васілевічу адмовіў. Просты раённы суд Мінска развярнуў генеральнага пракурора разам з ягонай скаргай на дзеянні КДБ!.. У якой краіне такое можна ўвогуле ўявіць?..

У выніку ўсе чакалі, калі пройдуць два месяцы з дня арышту Байковай, бо нават па новым заканадаўстве пасля гэтага тэрміну чалавека нельга трымаць у турме без санкцыі пракурора. Два месяцы прайшлі, але цяпер ніхто ўвогуле не можа адказаць на пытанне, дзе зараз знаходзіцца Святлана Байкова.

Спачатку з’явілася інфармацыя, што Рыгор Васілевіч адмовіўся даць санкцыю на працяг тэрміну яе арышту і што з ягонага кабінета жанчына вярнулася дадому. Але ў той жа дзень, бліжэй да вечара, у СМІ прыйшоў электронны ліст за подпісам нібыта мужа Святланы Байковай, у якім сцвярджаецца, што, як толькі Васілевіч вызваліў сваю падначаленую, КДБ завёў на яе новую справу і арыштаваў па новай. Такім чынам, пайшоў новы двухмесячны адлік…

Што гэта — хворая фантазія ці наша рэальнасць? Няма адказу на гэтае пытанне. Што адбылося на самай справе, дабіцца проста немагчыма: пракуратура адсылае з усімі пытаннямі да КДБ, а упраўленне інфармацыі Камітэта дзяржбяспекі сцвярджае, што ім няма чаго расказаць журналістам. Наўмысна створана замкнёнае кола недагаворанасці і маўчання. Бо нельга, проста нерэальна патлумачыць, як магло здарыцца такое, што ў "прававой дзяржаве" магчыма, каб следчаму, які вядзе справу супраць супрацоўнікаў КДБ, не далі давесці яе да суда, бо кіраўнік гэтага самага Камітэта выпісаў пастанову на арышт такога следчага?.. Гэта сапраўды выклік і закону, і здароваму сэнсу, і асновам юрыдычнай навукі.

…Ціха па краіне ездзіць "чорны воран". Пакуль ён не завітаў да вас у хату, можна рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, што Беларусь — свабодная краіна свабодных людзей. Але Беларусь несвабодная краіна. І людзі ў ёй, нават не простыя пешкі, а тыя, хто пры паўнамоцтвах і пасадах, — несвабодныя. Бо нават у генеральнага пракурора ўжо няма дастаткова ўлады, каб спыніць нахабства і ўседазволенасць новых апрычнікаў.