Шарамет: «Канцы гэтага злачынства вядуць наверх»

07/07/2010

Праз 10 гадоў пасьля зьнікненьня апэратара Грамадзкага расейскага тэлебачаньня, грамадзяніна Беларусі Зьмітра Завадзкага, грамадзтва так і не даведалася пра лёс журналіста, ніхто так і не адказаў на пытаньне: «Дзе Зьміцер Завадзкі?»

Расьсьледаваньне крымінальнай справы аб выкраданьні журналіста Зьмітра Завадзкага было ў чарговы раз прыпынена ў 2006 годзе ў зьвязку з тым, што яго не знайшлі. Такі адказ паступіў сваякам з Генпракуратуры. Праваабаронца Гары Паганяйла назваў гэтае рашэньне пракуратуры «незразумелым».

«Устаноўлена паводле прыгавору Менскага абласнога суду, што ў выкраданьні Завадзкага вінаватыя былыя служачыя спэцпадразьдзяленьня „Алмаз“ Ігнатовіч і Малік. Аднак лёс Завадзкага пасьля выкраданьня так і застаўся нявызначаным. Таму надзвычай сумнеўна наагул, як сьледзтва магло так паступіць, калі вядома, хто яго выкраў, а што зь ім зрабілі, сьледзтва дагэтуль так і не спрабуе высьветліць. Дзе ж падзеўся Завадзкі, каму яны яго перадалі — нічога ж невядома».

Нягледзячы на хадайніцтвы сваякоў, сьледзтва дагэтуль не аднавілася. Паводле спадара Паганяйлы, хутчэй за ўсё, лёс Завадзкага такі ж, як і лёс Юр’я Захаранкі, Анатоля Красоўскага і Віктара Ганчара. Ён мяркуе, што «гэта сплянаваныя забойствы, пазасудовыя пакараньні».

«Падазрэньні, якія вылучаюцца сваякамі і грамадзкасьцю на адрас вышэйшых службовых асобаў краіны, маюць вельмі сур’ёзныя падставы. Ёсьць апэратыўныя дадзеныя, якія ў свой час дазволілі арыштаваць Паўлічэнку, які ажыцьцяўляў усе гэтыя мерапрыемствы па выкраданьнях і магчымых пазасудовых пакараньнях».

Паводле спадара Паганяйлы, пытаньняў застаецца багата, бо высокапастаўленыя асобы павінны былі арганізаваць сьледзтва так, каб у грамадзкасьці не было ніякіх падставаў падазраваць некага са спэцслужбаў ці з вышэйшых эшалёнаў улады.

«І Лукашэнка казаў пра гэтыя выкраданьні, але выкарыстаць сваю ўладу, сілу, каб кампэтэнтныя органы расьсьледавалі глыбока і аб’ектыўна і знайшлі вінаватых — вось на гэта ў яго сілаў не хапіла. І, магчыма, не хапае сьвядома. Ён ня хоча прымяняць сваю ўладу».

За апошнія гады сытуацыя істотна не памянялася, адзначае вядомы журналіст Павал Шарамет. Расьсьледаваньне не вядзецца, бо «канцы гэтага злачынства ўсё роўна вядуць наверх, да былых і цяперашніх кіраўнікоў беларускіх спэцслужбаў».

«Наступная стадыя расьсьледаваньня будзе магчымая тады, калі памяняецца ўлада, бо трэба ўжо ісьці з допытамі і арыштамі ў высокія беларускія кабінэты. Цяпер гэта немагчыма, але калі-небудзь абавязкова здарыцца. Да зьнікненьня Зьмітра Завадзкага маюць дачыненьне людзі з атачэньня беларускага прэзыдэнта. І я абсалютна перакананы, што гэтыя „эскадроны сьмерці“ дзейнічалі з санкцыі вышэйшага кіраўніцтва краіны. Як толькі ўлада памяняецца, то мы ўсё даведаемся».

Паводле лідэра руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча, сёньняшняя ўлада «не зьбіралася і ня будзе да канца расьсьледаваць гэтыя справы, бо яна сама нясе за гэта вялікую адказнасьць».

«Веру, калі на Беларусі будзе ўсё ж такі зьменена ўлада, і яна будзе дэмакратычнай, і будзе незалежны суд, незалежная пракуратура, гэтая справа будзе даведзеная да канца. Колькі б гадоў ні прайшло. Усё роўна мы даведаемся, хто зрабіў гэтае злачынства, і гэтыя людзі будуць пакараныя».

Ці можа Расея паспрыяць расьсьледаваньню зьнікненьня Зьмітра Завадзкага? Спадар Шарамет сказаў:

«Намёкі на тое, што недзе ў Расеі ляжаць тайныя матэрыялы, не да канца апраўданыя. Тайных матэрыялаў трэба чакаць ад бліжэйшага атачэньня беларускага прэзыдэнта ў той момант, калі гэтае атачэньне пачне разьбягацца ад яго. Вось тады мы ўбачым выкід кампрамату».

А ці могуць эўрапейскія структуры паспрыяць таму, каб афіцыйны Менск высьветліў лёс зьніклых? Аляксандар Мілінкевіч згадаў даклад па зьніклых афіцыйнага прадстаўніка Рады Эўропы Хрыстаса Пургурыдэса.

«Патрабаваньні такія былі, але канкрэтных спосабаў прымушаць аўтарытарныя рэжымы выконваць закон усё ж у эўрапейскіх структураў няма. Гэта ўнутраная справа краіны, і спадзявацца, што ўсё за нас зробіць аб’яднаная Эўропа ці ЗША, было б несправядліва. Гэта павінен зрабіць сам беларускі народ. А дзеля гэтага павінны прыйсьці дэмакратыя і свабода».