Сябры і калегі ўшанавалі памяць Дзмітрыя Завадскага

07/07/2010

Сёння а 12-й гадзіне родныя і калегі зніклага тэлеаператара сабраліся каля пад’езда яго дома, адкуль журналіст у апошні раз выйшаў 10 гадоў таму.

Як толькі журналісты наблізіліся да дома, дзе раней жыў Дзмітрый, з пад’езда выйшлі суседкі Завадскіх. «А я вось з раніцы сяджу і чакаю, калі вы прыедзеце. Думала, няўжо ж у гэтым годзе нікога не будзе?..« — падзялілася марнымі апасеннямі адна з суседак…

Былі. І тыя, хто ведаў яго асабіста, і тыя, хто ніколі не сустракаўся з Дзмітрыем. Прынеслі яго партрэт, паклалі кветкі, запалілі свечкі…

«У гісторыі беларускай журналістыкі ёсць дзве трагічныя старонкі — гэта лёс Дзмітрыя Завадскага і лёс Веранікі Чаркасавай. Гэтыя дзве старонкі не дапісаныя, не перагорнутыя. Да сёння ў іх няма імёнаў тых, хто ўчыніў гвалт над нашымі калегамі. Я веру, што мы дапішам гэтыя старонкі. Бо гвалт быў учынены не проста над нашымі калегамі, а наогул над грамадствам», — падкрэсліла ў сваёй прамове старшыня ГА «БАЖ» Жанна Літвіна.

У тое, што рана ці позна праўда пра знікненне тэлеаператара высветліцца, вераць і яго сваякі — маці Вольга Рыгораўна і былая жонка Святлана.

«Я б вельмі не хацела, каб мы яшчэ дзесяць гадоў пражылі, так нічога і не даведаўшыся. Я спадзяюся, хутка прыйдзе той час, калі мы будзем збірацца не вось так, ля пад’езда, а там, дзе Дзіма», — выказала спадзеў Святлана Завадская.

Былая жонка зніклага журналіста прызналася: колькі б год ні прайшло з часу яго знікнення, боль ад страты не змяншаецца. Як не суцяшаецца і сэрца маці.

«Шчыры дзякуй усім за тое, што ніводнага дня я не адчувала сябе без вашай дапамогі. І жадаю ўсім журналістам, якія сёння працуюць, напярэдадні выбарчай кампаніі працаваць так, каб вашыя матэрыялы даходзілі да сэрцаў выбаршчыкаў… Каб нешта змяніць у нашай краіне», — звярнулася да ўсіх прысутных журналістаў маці Дзмітрыя Завадскага Вольга Рыгораўна.

Сёння ж у памяць пра Дзмітрыя Завадскага запалілі свечкі і паклалі кветкі ля яго партрэта ў офісе ГА «БАЖ» на плошчы Свабоды.

Ушанавала калегу хвілінай маўчання Беларуская служба «Радыё Свабода».

У 12.00 была прыпынена праца ў лунінецкай газеце «Информ-прогулка». Супрацоўнікі рэдакцыі запалілі свечкі ля партрэта Дзмітрыя і памаўчалі 10 хвілінаў:

«Яго жыццё было такім кароткім. Ён так мала паспеў, але нават гэтае „мала“ — вялікі ўнёсак у беларускую журналістыку — праўдзівую і сапраўдную. Сённяшняя акцыя — пацверджанне таму, што ўсе мы — разам», — падкрэсліваюць лунінецкія журналісты.