ПАСЕ прыняла рэзалюцыю па Беларусі

27/01/2011

Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы не прызнае вынікаў выбараў і заклікае ўвесці санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў, адказных за рэпрэсіі.

Дэбаты ў Струсбургу распачала дакладчыца ад імя Камітэта палітычных спраў ПАСЕ, фінская дэпутат Сініка Хурскайнэн.

Яна адзначыла, што спадзявалася на змены ў Беларусі, але цяпер моцна расчаравалася. Таму ПАСЕ павінна заняць выразнае становішча ў адносінах да нашай краіны, і не вяртаць беларускаму парламенту статус спецзапрошнага ў Парламенцкай Асамблеі.

Падчас дэбатаў дэпутаты еўрапейскіх краін заклікалі вызваліць палітвязняў, правесці перавыбары, увесці візавыя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў, а таксама падтрымліваць грамадзянскую супольнасць. Прадстаўнікі Расіі сцвярджаюць, што выбары былі справядлівымі, папулярнасць Аляксандра Лукашэнкі вельмі вялікая, а міліцыя не ўжывала грубую сілу супраць дэманстрантаў.

Лорд Томлінсан з Вялікабрытаніі звярнуўся да “расійскіх сяброў” (Генадзя Зюганава, Сяргея Сабко – КПРФ, Алега Лебедзева, Ігара Чарнышэнку і іншых) не перакручваць логіку дагары нагамі ў сваіх выступах. “Беларусь ведае, што рабіць, каб далучыцца да міжнароднай супольнасці. Не трэба перакладаць у гэтым адказнасць на нас. Беларусь мусіць прыняць адказнасць па выкананні палажэнняў, выражаных у міжнародных рэзалюцыях”, – заявіў ён.

Літоўскі дэпутат Эмануэліс Зынгерыс запярэчыў расійскаму парламентарыю, які кажа, што спецсродкі для разгону дэманстрантаў не ўжываліся. Як старшыня камітэта па замежных справах Сейма ён спасылаецца на сведчанні беларускіх уцекачоў, якія прыбылі ў Вільню. Яны сцвярджаюць, што пры разгоне супрацоўнікі міліцыі і спецслужбаў ужывалі неабгрунтавана жорсткую сілу.

Генадзь Зюганаў запярэчыў дапаўненню ў рэзалюцыю, якая заклікае еўрапейскія палітычныя партыі падтрымаць сваіх беларускіх партый-калег, лідары некаторых з якіх знаходзяцца ў турме. Па словах Зюганава, гэта "простае грубае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы" Беларусі. Але дапаўненне прынятае абсалютнай большасцю галасоў парламентарыяў.

У выніку абсалютная большасць дэпутатаў ПАСЕ, якія прысутнічалі на слуханнях па Беларусі, прагаласавалі за ўзгоднены варыянт рэзалюцыі: 90 "за", 9 "супраць", 3 устрымаліся.

Рэзалюцыя ПАСЕ, сярод іншага, заклікае беларускія ўлады:

— неадкладна вызваліць усіх апазіцыйных кандыдатаў і іх прыхільнікаў, журналістаў і праваабаронцаў, затрыманых па палітычных матывах;

— спыніць пераслед апазіцыйных палітыкаў, СМІ і актывістаў грамадзянскай супольнасці;

— спыніць выключэнне студэнтаў з універсітэтаў і звальненне людзей з іх працоўных месцаў з-за ўдзелу ў пратэстах;

—перагледзець рашэнне аб закрыцці офіса АБСЕ ў Мінску і прадоўжыць яго мандат да 2011 года і далей;

— завяршыць працэс рэформы выбарчага заканадаўства і яго практычнага прымянення, узяўшы да ўвагі рэкамендацыі АБСE/БДІПЧ і Венецыянскай камісіі.

ПАСЕ заклікае краіны Савета Еўропы, сярод іншага: падтрымліваць і ўзмацняць дыялог з беларускай грамадзянскай супольнасцю і кантакты паміж людзьмі на ўсіх узроўнях; разгледзець магчымасць спрашчэння візавага рэжыму для простых грамадзян; натхніць універсітэты адчыніць свае дзверы для беларускіх студэнтаў, выключаных за палітычную дзейнасць.

 

Еўрарадыё