12 гадоў таму раптоўна памёр Генадзь Карпенка

07/04/2011

6 красавіка споўнілася 12 гадоў, як не стала Генадзя Карпенкі, аднаго з аўтарытэтных і паважаных беларускіх палітыкаў.

Раптоўная смерць Генадзя Карпенкі, якая суправаджалася шэрагам загадкавых падзей, адбылася за месяц да альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбараў, прыхільнікі правядзення якіх адмовіліся прызнаць навязаныя Лукашэнкам змены ў Канстытуцыі, якія азначаюць падаўжэнне тэрміну ягоных паўнамоцтваў на прэзідэнцкай пасадзе. Безумоўны фаварыт гэтых выбараў і адзін з ініцыятараў імпічменту Лукашэнку, Генадзь Карпенка ўяўляў рэальную пагрозу дзеючай уладзе.

У лютым 1998 года ўзначаліў Нацыянальны выканаўчы камітэт, створаны беларускай апазыцыяй. Генадзь Зміцеравіч мог скласці рэальную канкурэнцыю дзеючай уладзе і стаць прэзідэнтам Беларусі ў 2001 годзе. Раптам памёр 6 красавіка 1999 года пры нявысветленых абставінах.

"Ён жыў прыгожа. Адкрыта, сумленна, мужна. Любіў, цаніў і паважаў людзей. Даражыў сяброўствам, нікому не здраджваў. Быў сумленны ва ўсім і з усімі. Ніколі не здраджваў сваім прынцыпам, поглядам і перакананням. Не прыкідваўся, не крывіў душой, рэзаў праўду ў вочы, якой бы горкай яна ні была. Любіў сваю краіну і свой народ, верыў у будучыню і працаваў дзеля яе, не шкадуючы сіл і здароўя. Ён набыў вялікую любоў і павагу многіх людзей. І нянавісць усялякіх "рвачоў і выжыг", схіляцца перад якімі не хацеў і не ўмеў… Ягоная смерць была вельмі патрэбная ўладам на той момант. Я ўпэўненая — прыбралі яго, забілі…"

Гэта словы Людмілы Піліпаўны Карпенка, удавы Генадзя Зміцеравіча і кіраўніка Фонду ягонага імя. У студзені 2002 года яна, ратуючыся ад пераследу беларускіх спецслужбаў за актыўную грамадскую дзейнасць, разам з сям’ёй папрасіла палітычнага прытулку ў Германіі.

Сваім сябрам і настаўнікам Генадзя Карпенку лічыць Андрэй Саннікаў. Пра гэта ён казаў, у тым ліку, у перадвыбарнай прамове на беларускім тэлебачанні.