Судебная расправа: Участникам мирной акции 19 декабря — от 3 до 4 лет колонии

05/05/2011

Каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» і сябра каманды Андрэя Саннікава судзілі ўсяго адзін дзень.

За ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года Зміцера Бандарэнку, давераную асобу кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава, прызналі вінаватым у «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».

Суддзя Першамайскага суду Менска Тацяна Равінская пакарала вядомага палітыка і праваабаронцу 2 гадамі калоніі агульнага рэжыму. Дзяржабвінаваўца Сіманоўскі прасіў асудзіць Бандарэнку на тры гады агульнага рэжыму.

Напярэдадні вынясення прысуду Зміцер Бандарэнка выглядаў вельмі спакойна, трымаўся ўпэўнена, сядзеў у клетцы, чытаў «Беларусы і рынак».

Учора падчас суду Зміцер Бандарэнка прызнаў, што ўдзельнічаў у масавай акцыі 19 снежня. Па астатніх пунктах абвінавачвання Бандарэнка вінаватым сябе не лічыць. У заключным слове абвінавачаны заявіў, што ўдзельнікі мітынгу рэалізавалі сваё канстытуцыйнае права на мірныя сходы. Беларусы пратэставалі супраць сфальсіфікаваных выбараў, і прыйдзе час, калі шматлікіх спытаюць: чаму не пратэставаў ён?

Па словах Зміцера Бандарэнкі, сапраўдныя страты — на мільярды даляраў — прынеслі краіне тыя, хто пасадзіў за краты кандыдатаў у прэзідэнты і перашкодзіў дэмакратычнаму выхаду краіны з палітычнага і эканамічнага крызісу.

У ходзе працэсу ніякіх істотных доказаў «віны» Бандарэнкі прадстаўлена не было.

Пісьмовыя матэрыялы крымінальнай справы збольшага ўяўлялі сабой раздрукоўкі тэлефонных размоваў Бандарэнкі c Андрэем Саннікавым, Наталляй Радзінай, Віктарам Івашкевічам і іншымі.

Былі праслуханыя некаторыя аўдыёзапісы гутарак і прагледжаныя відэафільмы. На адным з іх Бандарэнка разам з Андрэем Саннікава крычалі на плошчы: «Пора менять лысую резину!». Бандарэнка пацвердзіў гэта, заявіўшы, што неабходна мяняць дзяржаўны механізм, а падзеі ў эканоміцы толькі даказваюць тое, пра што казалі ў сваіх праграмах кандыдаты ў прэзідэнты.

З усіх апытаных сведак абвінавачвання пазнаў Бандарэнку толькі адзін супрацоўнік ДАІ. Усе астатнія яго не бачылі падчас акцыі 19 снежня. Апытаныя супрацоўнікі ДАІ сцвярджалі, што ўдзельнікі акцыі выйшлі на праезную частку праспекта Незалежнасці, чым перашкаджалі руху транспарту.

Не ўсе сведкі абвінавачання давалі паказанні як пад капірку. Сведка Дуброўскі, супрацоўнік ДАІ, сказаў, што мітынгоўцы паводзілі сябе хутчэй мірна.

Сведка Бабарыка, былы супрацоўнік ДАІ, сказаў, што супрацоўнікі ДАІ не ўжывалі гучнай сувязі для папярэджанняў маніфестантаў. Ён таксама паведаміў, што дэманстранты не прарываўся ланцуг супрацоўнікаў ДАІ.

Сведка не чуў, каб хто-небудзь з кандыдатаў аддаваў загад натоўпу здзяйсняць незаконныя дзеянні.

На працэсе Зміцер Бандарэнка заявіў, што адчувае сур’ёзныя праблемы са здароўем: абвастрылася язва, падагра, хвароба хрыбетніка.

Акрамя таго, па ягоных словах, у яго назіраецца частковы параліч правай нагі.

«За час знаходжання пад вартай маё здароўе пагоршылася», — падкрэсліў Бандарэнка.

Зміцер Бандарэнка быў арыштаваны ў ноч з 19 на 20 снежня 2010 года, пасля разгону мірнай дэманстрацыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, і змешчаны ў СІЗА КДБ.

У падчас так званага следства каардынатару «Еўрапейскай Беларусі» змянілі артыкул абвінавачвання на «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (арт. 342, ч.1 КК РБ).