Femen плянуе наступную акцыю ў Беларусі

24/12/2011

Femen правядзе наступную акцыю ў Беларусі ў тым жа або пашыраным складзе. Дакладная дата, зразумела, не называецца.

Украінскі жаночы рух Femen правядзе наступную акцыю ў Беларусі ў тым жа або пашыраным складзе, заявіла лідар арганізацыі Ганна Гуцол у ходзе анлайн-канферэнцыі на сайце беларускай службы «Радыё Свабода» 23 снежня.

«Я размаўляла з дзяўчатамі, яны сказалі, што гатовы зноў ехаць у Беларусь. Таму, калі штат будзе мяняцца, то толькі якасна», напісала Гуцол.

Разам з тым яна не змагла адказаць, як дзяўчаты маюць намер засцерагчы сябе ад небяспекі падчас прыезду ў Беларусь,

«Мы будзем зыходзіць з тых праблем, з якімі сутыкнуліся, будзем прыдумваць меры бяспекі», — сказала яна.

Нагадаем, што раніцай 19 снежня актывісткі Femen Іна Шаўчэнка, Аляксандра Нямчынава і Аксана Шачко правялі перформанс каля будынка КДБ у Мінску. Агаліўшыся па пояс, дзяўчаты на працягу некалькіх хвілін трымалі плакаты з надпісамі Freedom to political prisoners («Свабоду палітычным зняволеным») і «Жыве Беларусь!». Гэты ж лозунг «Жыве Беларусь!» яны скандавалі. Акцыя была прымеркавана да гадавіны разгону апазіцыйнай дэманстрацыі 19 снежня 2010 года, удзельнікі якой былі не згодныя з афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў.

Вечарам невядомыя людзі затрымалі дзяўчат на Усходнім аўтавакзале Мінска, адкуль яны планавалі адправіцца ў Гомель. Паводле слоў актывістак Femen, пры затрыманні ў іх адабралі мабільныя тэлефоны і дакументы. Затым іх вывезлі ў лес, дзе пагражалі і ўсяляк здзекаваліся, прымушалі распранацца дагала, аблілі галовы зялёнкай, абрэзалі валасы, прымушалі трымаць плакаты з фашысцкай свастыкай. Усё гэта здымалася на відэакамеру. Украінкі сцвярджаюць, што іх выкінулі з машыны голымі ў лесе, адкуль яны, блукаючы, дабраліся да найбліжэйшай вёскі Бекі ў Ельскім раёне, дзе звярнуліся за дапамогай да мясцовых жыхароў.

Актывісты кампаніі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» расказалі, што звязаліся з кіраўніцай украінскага жаночага руху «Femen» Ганнай Гуцал, якая папрасіла перадаць беларускаму КДБ красамоўнае пасланне — «Memento FEMEN!».

Менавіта такія плакаты, а таксама расцяжкі з надпісамі «Хопіць здзекавацца над жанчыНАМІ!» з’явіліся ў сталіцы.

Такім чынам актывісты «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку» і незарэгістраванага «Маладога Фронту» выказалі сваю пазіцыю: нельга абыходзіцца з жанчынамі так, як, на іх думку, абышліся беларуская ўлада з украінскімі дзяўчатамі з Femen.

Пасля топлес-акцыі пад лозунгам «Жыве Беларусь!» на прыступках КДБ тры актывісткі Femen былі схопленыя невядомымі на вакзале ў Менску і вывезеныя за горад, дзе зь іх зьдзекаваліся. Потым актывістак вывезьлі да беларуска-ўкраінскай мяжы і кінулі ў лесе.

Наша Нiва