У горадзе Эйндховэн у Нідэрляндах 16 верасьня адбылася цырымонія ўшанаваньня памяці зьніклых беларусаў. У акцыі ўзялі ўдзел каля дзьвюх соцень 15-гадовых галяндзкіх падлеткаў. Яны падрыхтавалі свае мастацкія кампазыцыі на тэму прымусовых зьнікненьняў. Цырымонію адкрыла дачка зьніклага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага Валерыя.
У праграме «Вынікі дня» Валерыя Красоўская адказала на пытаньні Алены Ціхановіч.
Красоўская: «У сваім уступным слове я казала, што асабіста для мяне значаць гэтыя 15 гадоў. Таму што маёй аўдыторыяй былі менавіта людзі гэтага ўзросту, 15-гадовыя. Я паспрабавала зрабіць свой зварот зразумелым для іх. У прынцыпе гэта вельмі лёгкая аналёгія, бо калі ты бачыш перад сабой ўжо дарослых людзей, то разумееш наколькі гэта доўгі тэрмін — 15 гадоў».
Ціхановіч: «Некаторыя зьвесткі у справе зьнікненьняў прасочваліся ў прэсу, быў даклад у гэтай справе Хрыстаса Пургурыдэса, былі прызнаньні сьледчых… А ці не было выпадкаў, калі з вашай сям’ёй кантактаваў нехта прыватным чынам, каб паведаміць нешта больш канкрэтнае?»
Красоўская: «Так, былі такія выпадкі. Але мы не атрымалі ніякай інфармацыі, якая б не была ўжо вядомая і не стаяла ў дакладзе Хрыстаса Пургурыдэса. Аднак калі ўважліва прачытаць гэты даклад, то ўсё ў прынцыпе становіцца на свае месцы і ўсё зразумела, акрамя таго дзе знаходзяцца целы зьніклых людзей. Такой інфармацыі мы ні ад каго не атрымалі».
Ціхановіч: «Калі, на вашую думку, у гэтай справе можа быць нейкі справядлівы канец?»
Красоўская: «Справядлівы канец вядома ж будзе, але ён немагчымы да зьмены ўлады».
***
У 2004 годзе спэцыяльны дакладчык па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстас Пургурыдэс, апублікаваў справаздачу, у якой абвінаваціў найвышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў Беларусі ў перашкодах незалежнаму расьсьледаваньню зьнікненьняў людзей. Паводле справаздачы Пургурыдэса, беларускія ўлады не правялі належнага расьсьледаваньня зьнікненьняў. Спадар Пургурыдэс заявіў аб сваіх падазрэньнях, што найвышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі могуць самі быць уцягнутыя ў гэтыя зьнікненьні. У прыватнасьці, ён назваў былых міністраў унутраных спраў Юрыя Сівакова і Ўладзімера Навумава, былога генэральнага пракурора і старшыню Рады бясьпекі Віктара Шэймана і былога камандзіра спэцназу унутраных войскаў палкоўніка Дзьмітрыя Паўлічэнку.