Рыцарам года названы Генадзь Федыніч

Прэмію «Рыцар года: З адкрытым забралам» за 2016 год атрымаў старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч. Так адзначана яго актыўная дапамога грамадзянам у абароне іх правоў у сувязі з дзеяннем скандальнага дэкрэта № 3 пра «сацыяльнае ўтрыманства». Таксама адзначана шматгадовая плённая праца прафсаюза, які, па словах Алега Волчака, за сваю дзейнасць спагнаў праз суды з працадаўцаў на карысць працаўнікоў каля ста тысяч новых рублёў.
Цырымонію ўзнагароджання праводзілі лідар грамадскага руху імя Юрыя Захаранкі «Абаронцы Айчыны», кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак, кіраўнік Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раіса Міхайлоўская, а таксама Аляксандр Камароўскі, Мікалай Аўтуховіч.
Падчас імпрэзы былі прадэманстраваныя відэазапісы ўручэння прэміі, пачынаючы з 2008 года. Раіса Міхайлоўская і Алег Волчак распавялі пра стан расследавання па справе зніклых палітыкаў: фактычна апошнія гады ніякіх следчых дзеянняў не праводзіцца, мае месца імітацыя расследавання. З іншага боку, улады, спасылаючыся на тое, што следства працягваецца, адмаўляюцца прызнаваць былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку памерлым. Паводе Раісы Міхайлоўскай, у Камітэт ААН накіроўваецца скарга маці зніклага міністра Ульяны Захаранкі на адмову ў правасуддзі. Алег Волчак адзначыў, што менавіта дзякуючы розгаласу ў грамадстве і пратэсту неабыякавых грамадзян, «эскадроны смерці» згарнулі сваю дзейнасць, а санкцыі супраць высокапастаўленых чыноўнікаў, падазраваных у злачынных знікненнях апазіцыйных палітыкаў, працягнутыя.
Даведка:
Узнагарода заснаваная ў 2004 годзе і ўручаецца штогод. Рыцарамі года з тае пары сталі апазіцыйны дэпутат Палаты прадстаўнікоў генерал Валеры Фралоў, праваабаронца, сябра БХК Гары Паганяйла, былы кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006 году, палітвязень Аляксандр Казулін, ваўкавыскі прадпрымальнік і палітвязень Мікалай Аўтуховіч, публіцыст Аляксандр Тамковіч, грамадскі дзеяч Аляксандр Камароўскі, экс-кандыдаты на выбарах у прэзідэнты 2010 года Уладзімір Някляеў і Мікола Статкевіч, праваабаронца Раіса Міхайлоўская, грамадскі дзеяч Уладзімір Барадач, журналіст газеты «Новы Час» Зміцер Галко, колішні сябра Канстытуцыйнага суда доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *