Акцыі ў Дзень салідарнасьці: беларусы патрабуюць свабоды і праўды пра зьніклых

16/12/2008

У Менску ды іншых гарадах Беларусі 16 снежня адбыліся акцыі салідарнасьці з палітрэпрэсаванымі і зьніклымі апанэнтамі рэжыму Лукашэнка. Акцыі праводзілі актывісты грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, "Маладога Фронта", "Маладой Беларусі".

У Менску а 19 гадзіне пачалася акцыя салідарнасьці каля кінатэатру "Масква". Актывісты грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” трымалі партрэты зьніклых Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага, Юрыя Захаранкі. Яны запалілі сьвечкі і сталі ланцугом на пляцоўцы перад уваходам у кінатэатар. Пасля на будынку кінатэатра была замацаваная расцяжка “Патрабуем міжнароднага расследваньня палітычных зьнікненьняў”.

Гадзінай раней актывісты грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” і “Маладога Фронта” зладзілі такую ж акцыю каля кінатэатру "Беларусь", але яшчэ расьцягнулі вялізную расьцяжку і на джынсавай сіняй стужцы павесілі партрэты зьніклых, а паміж імі паперы з тэкстам "Хто наступны?" Гэтую расьцяжку яны замацавалі паміж двух слупоў. На 19 гадзіну расьцяжка працягвала вісець ля кінатэатру. Людзі даволі прыхільна паставіліся да гэтай акцыі, паведамляе “Радыё Свабода”.

А 18 гадзіне актывісты руху "Маладая Беларусь" ладзілі акцыю на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Іх было 7 чалавек. Байцы АМАПу іх выдалілі з плошчы ў бок рэстарацыі "Журавінка", і яны прайшлі вуліцай Янкі Купалы з партрэтамі зьніклых.

А 18 гадзіне актывісты грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” выйшлі на плошчу Свабоды з партрэтамі палітвязьняў — апазыцыянераў, асуджаных па “справе 14-ці” за удзел у акцыі пратэста прадпрымальнікаў.

А 14 гадзіне ў двары Белдзяржунівэрсытэту таксама прайшла акцыя салідарнасьці. Моладзевыя актывісты з руху "Маладая Беларусь" раздавалі студэнтам інфармацыйныя улёткі і партрэты зьніклых. Іх затрымалі і адвезьлі ў міліцыю. Артур Фінькевіч, Алег Кароль, Алесь Сьцепаненка, Валеры Саковіч і Сяргей Кастыленка знаходзіліся ў міліцыі Маскоўскага раёну. Пазьней, не складаючы пратаколаў, іх вызвалілі.

Каля будынку Нацыянальнай акадэміі навук актывісты “Еўрапейскай Беларусі” правялі пэрформанс: 10 чалавек сталі ў шэраг, а чалавек у масцы з вусамі “расстрэльваў” іх з пісталета, прыгаворваючы “Именем президента…”.

А 17 гадзіне адбылася акцыя салідарнасьці ля кінатэатру "Кастрычнік". А ў 16 гадзінаў на плошчы Якуба Коласа яе ладзілі актывісты кампаніі "Эўрапейская Беларусь". Адзін хлопец быў затрыманы, пазьней яго вызвалілі. Да акцыі далучыўся былы палітвязень Аляксандар Баразенка і іншыя актывісты. Пасьля 18 гадзіны міліцыянты не затрымалі ніводнага актывіста.

Акцыі салідарнасьці адбыліся 16 сьнежня ў розных гарадах Беларусі — Салігорску, Берасьці, Жодзіна, Слоніме, Барысаве, Слуцку, Шклове, Магілёве, Горадні і іншых гарадах Беларусі.

Падчас акцый гучыць таксама патрабаваньне прызнаць палітвязьнямі 10 чалавек, якіх асудзілі ў "справе 14-ці", альбо каб іх апраўдалі і адмянілі ім пакараньне да 2 гадоў абмежаваньня волі, па сутнасьці хатні арышт.