Недзяржаўныя грамадскія арганізацыі, прадстаўнікі дэмакратычных рухаў, грамадзяне Беларусі выказваюць свае абурэньне намерам ураду Беларусі ўвайсьці ў склад Савету па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Услед за зваротам да міжнароднай супольнасьці, які распаўсюдзіў праваабарончы цэнтр «Вясна», з адпаведнай заявай выступілі родныя зніклых у Беларусі палітыкаў і журналіста Зінаіда Ганчар, Ульяна Захаранка ды Вольга Завадская.
У заяве, у прыватнасьці, сцвярджаецца, што «на працягу многіх гадоў мы не ведаем пра лёс сваіх блізкіх, афіцыйнае следства практычна не вядзецца. Адсутнасьць якіх-небудзь вынікаў следства мы звязваем з незацікаўленасьцю беларускіх уладаў у расследваньні гэтых злачынстваў, што ўмацоўвае нашую здагадку пра дачыненьне да іх вышэйшых службовых асоб Беларусі. Патрабаваньне аб правядзеньні аб’ектыўнага і усебаковага расследаваньня спраў аб гвалтоўных зьнікненьнях… неаднаразова ўтрымлівалася ў рэзалюцыях Генеральнай Асамблеі ААН. Гэтыя патрабаваньні ўпарта ігнаруюцца урадам Рэспублікі Беларусь. Мы расцэньваем гэтыя дзеяньні беларускіх уладаў не толькі як жаданьне схаваць сапраўдных заказчыкаў і выканаўцаў выкраданьняў нашых блізкіх, але і як непрызнаньне аўтарытэту Арганізацыі Аб’яднаных Нацый».
Жанчыны заклікаюць не дапусьціць членства Беларусі ў Савеце па правах чалавека ААН да моманту выкананьня дзяржавай сваіх абавязкаў не толькі перад сваімі грамадзянамі, але і перад міжнароднай супольнасьцю.
Нагадаем, што Праваабарончы цэнтр «Вясна» зьвяртаецца да ўсіх зацікаўленых беларускіх грамадзянаў, грамадзкіх арганізацый выказаць сваё меркаваньне адносна дадзенай ініцыятывы беларускіх уладаў
Хартыя`97