Апошнім часам на фасадах дамоў у сталіцы і іншых гарадах Беларусі зьяўляецца шмат надпісаў палітычнага зьместу. На цэнтральных вуліцах гарадоў пачалося больш пільнае патруляваньне. Міліцыі ўдалося затрымаць некалькіх актывістаў з розных моладзевых рухаў. У выніку распачатыя крымінальныя справы. Неўзабаве пачнуцца суды. Нягледзячы на гэта, палітычныя графіці робяцца масавай зьявай.
Графіці палітычнага зьместу зьяўляюцца штодня. Актывіст незарэгістраванай арганізацыі «Малады Фронт» Артур Фінькевіч знаходзіцца пад вартай у сьледчым ізалятары за надпісы: «Мы хочам новага!» і «Достал!». Яго затрымалі разам з Аляксеем Янушэўскім. З Аляксея ўзялі падпіску пра нявыезд. Хлопцаў абвінавацілі ў злосным хуліганстве.
Артыкул за графіці не прадугледжвае знаходжаньня пад вартай. Паплечнікі Артура і Аляксея лічаць, што ўлады наўмысна не ўжываюць палітычных артыкулаў супраць маладых апазыцыянэраў, каб грамадзкая сьвядомасьць успрымала іх як звычайных хуліганаў.
9 сакавіка ў Цэнтральным судзе пачнуць судзіць за графіці актывістаў «Зубру» з Барысава Аляксандра Казакова і Зьмітра Зубра. Хлопцаў затрымалі ўначы 28 сьнежня пасьля таго, як яны зрабілі надпісы на будынку Цэнтральнага суду. Іх абвінавацілі ў супраціве міліцыянтам у часе затрыманьня.
Нягледзячы на судовы перасьлед, жадаючых рабіць палітычныя графіці становіцца ўсё болей.
Гаворыць актывістка руху «Зубр» Кацярына Ляскавец:
(Ляскавец: ) «Нягледзячы на ўсе крымінальныя справы, сябры розных моладзевых рухаў будуць працягваць рабіць графіці, распаўсюджваць інфармацыю, вывешваць расьцяжкі — працягваць барацьбу за вольную дэмакратычную Беларусь.»
Яўген Афнагель сёньня мусіць выйсьці на волю пасьля 15 сутак арышту. Яго сябры непакояцца, што Яўгена могуць павезьці на допыт. Гаворыць прэсавы сакратар руху «Зубр» Аляксандр Атрошчанкаў:
(Атрошчанкаў: ) «Улады бачаць, што моладзь ужо мае настрой да пераменаў. І крымінальнымі справамі яе не спыніць. Таму яны ўжываюць розныя мэтады. Асабліва моцна ціснуць на непаўнагадовых. Іх выклікаюць на допыты, прымушаюць казаць, хто робіць надпісы. Апошнім часам прымушаюць даваць паказаньні супраць тых, хто за кратамі.»
Першая справа за графіці разглядалася Менскім абласным судом у лютым 1998 году. Аляксея Шыдлоўскага і Вадзіма Лабковіча за надпісы ў Стоўбцах абвінавацілі ў зьдзяйсьненьні злоснага хуліганства з асаблівым цынізмам. Іх пакаралі пазбаўленьнем волі. Потым штогод былі справы за графіці, агулам больш за дзесятак. Апазыцыянэраў каралі штрафамі і папраўчымі работамі.
Радыё Свабода
На фото: Борисов, 28 февраля 2006