У Магілёве з нагоды Дня Cалідарнасьці грамадзкія актывісты правялі адразу некалькі акцыяў, у ходзе якіх нагадалі гараджанам пра зьніклых палітыкаў ды зьняволеную з палітычных матываў моладзь.
Група грамадзкіх актывістаў, трымаючы перад сабой іхныя партрэты, у суправаджэньні міліцыянтаў, некалькі разоў прайшла па пешаходнай вуліцы Ленінскай.
Тым часам сябры незарэгістраванага «Маладога фронту» у ходзе акцыі перад будынкам аблвыканкаму пакінулі ля помніку Леніну партрэты зьняволеных «маладафронтаўцаў».
Вечар Дня Салідарнасьці ў Магілёве быў адзначаны таксама вывешваньнем перад будынкам абласнога КДБ бел-чырвона-белага сьцягу, раскідваньнем улётак з дахаў дамоў ды запальваньнем традыцыйных сьвечак памяці.
У Бабруйску ля капліцы перад могілкамі грамадзкія актывісты запалілі сьвечкі памяці.
У Гомелі напачатку 9-й гадзіны вечара супрацоўнікі Цэнтральнага райаддзелу міліцыі затрымалі каля паўтара дзесятка пераважна студэнтаў і школьнікаў, у іх ліку тры дзяўчыны. Ля помніку Кірылу Тураўскаму ў цэнтры горада моладзь ладзіла акцыю салідарнасьці «Запалі сьвечку».
Як паведаміў адзін з удзельнікаў акцыі спадар Зьміцер, у пастарунку міліцыянты патлумачылі юнакам і дзяўчатам, што яны затрыманы дзеля высьвятленьня асобаў.
Па матэрыялах Радыё Свабода