Прадстаўнікі дэмакратычнага руху а 19-й гадзіне паводле менскага часу намагаліся правесьці акцыю, каб прыцягнуць увагу кіраўнікоў дзяржаваў СНД да праблемы парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.
Байцы спэцназу міліцыі разагналі акцыю. Яны не далі моладзевым актывістам разгарнуць расьцяжкі і плякаты.
Кастрычніцкі пляц у Менску за дзьве гадзіны да правядзеньня акцыі быў ачэплены спэцназам.
На станцыях мэтро «Плошча Леніна» і «Кастрычніцкая» не спыняліся цягнікі, а па праспэкце хадзіў толькі аўтобус №100, які таксама не спыняўся на Кастрычніцкім пляцы і пляцы Незалежнасьці.
Байцы спэцназу паведамлялі людзям, што спэктаклі ў тэатрах адмененыя. Працаваў толькі дзяржаўны цырк. Але з-за затораў дзеці з бацькамі спазьніліся на прадстаўленьне – было шмат ляманту і сьлёз.
На пляцоўцы каля рэстарану «Мак-Дональдс» на рагу вуліцы Леніна і праспэкту Незалежнасьці спэцназаўцы затрымлівалі моладзевых актывістаў, якія там зьбіраліся. Разам зь імі затрымлівалі і выпадковых мінакоў.
Апэратару Ren-TV не дазволілі падысьці да праспэкту, і ён мусіў падыходзіць да Кастрычніцкага пляцу праз вуліцу Янкі Купалы. Але і там – безвынікова.
Мінакі бачылі шмат аўтобусаў з салдатамі ўнутраных войскаў. Людзі абураліся: «Тут што, вайна?..»
Любоў Лунёва
Радыё Свабода