Менскі суд не знайшоў падставаў для зьмяншэньня тэрміну пакараньня Зьмітру Дашкевічу. Яго трымаюць пад вартай ад 15 верасьня. 1 лістапада суд Кастрычніцкага раёну Менску пакараў лідэра «Маладога фронту» зьняволеньнем на паўтара году за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.
Вэрдыкту Менскага суду на вуліцы чакалі каля двух дзясяткаў актывістаў «Маладога фронту» й праваабаронцы. Маладафронтаўцы сталі ланцугом з партрэтамі Зьмітра Дашкевіча. Калі да іх выйшаў бацька Зьмітра й паведаміў, што прысуд пакінулі бязь зьменаў, яны пачалі скандаваць «Ганьба!». Спэцназаўцы патрабавалі спыніць акцыю, але людзі не разышліся. Пастаяўшы некалькі хвілінаў, усе рушылі ў бок мэтро. Бацька Зьмітра Дашкевіча сказаў «Свабодзе»:
(Дашкевіч: ) «Вельмі шкадую, што не сказаў ім, што яны зрабілі прысуд сваім дзецям, бо закон бумэрангу няўхільны. Я захацеў паглядзець спачатку ў вочы пракурору. Гаварыла мне спачатку, апусьціўшы вочы. Я ёй кажу: «Паглядзіце мне ў вочы». Праўда, падняла вочы, быццам бы спакойныя, але мне падалося, што нейкія агеньчыкі трывогі бегалі ў яе ў зрэнках. «Палягчала?» — яна мяне спытала. Я гавару: «Палягчала». Тое ж самае сказаў і судзьдзям. Кажу: «Вы лічыце, што вынесьлі правільны прысуд?» А яны: «Ня будзем дэбатаваць».
Праваабаронца Людміла Гразнова лічыць, што рашэньне трымаць Зьмітра Дашкевіча за кратамі палітычна матываванае:
(Гразнова: ) «Улада вельмі баіцца моладзі, тых, хто гатовы на ўсё. Там ня думаюць у органах бясьпекі, яны па-старому, па-калгаснаму толькі выконваюць загады. Такія прысуды даюць, бо Зьміцер — высокі аўтарытэт. Ён ня толькі вулічны лідэр, але й лідэр усёй моладзі. Яна за ім ідзе».
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч дадаў:
(Стэфановіч: ) «Была ў мяне надзея ў зьвязку з тым, што былі гэтыя прапановы Эўразьвязу, і Гайдукевіча МЗС прызначыў адказным за перамовы. Я думаў, што будуць імітаваць перамоўныя працэсы й пад гэтую марку, можа, нешта зьменіцца. Мы, як і раней, лічым Зьмітра вязьнем сумленьня, а практыку выкарыстаньня артыкулу 193 і наяўнасьць яго ў Крымінальным кодэксе лічым антыканстытуцыйнай і незаконнай».
Зьміцер Дашкевіч знаходзіцца ў карантыннай зоне Шклоўскай папраўчай калёніі. Правілы ўнутранага распарадку калёніі дазваляюць дасылаць палітвязьню грашовыя пераводы, але ня больш за 400 тысяч рублёў. Цягам трох месяцаў ён можа атрымаць харчовыя перадачы — разам 30 кіляграмаў і лекі вагой да 2 кіляграмаў. Да канца карантыну спатканьні палітвязьню не дазваляюцца.
Любоў Лунёва
Радыё Свабода