«Да гэтага прыклалі руку бліжэйшыя паплечнікі Лукашэнкі». 18 гадоў таму знік Юры Захаранка

12/05/2017

Былы міністр унутраных справаў Беларусі Юры Захаранка знік роўна 18 гадоў таму. Аднак улады Беларусі па-ранейшаму не спяшаюцца перадаваць справу зніклага апанента Аляксандра Лукашэнкі ў суд. І гэта нягледзячы на апошнюю пастанову Камітэту ААН у правах чалавека, які забавязаў Беларусь неадкладна дарасследаваць справу Захаранкі.

Расследаванне, што зацягнулася на дзесяцігоддзі, мусіць быць завершанае. Камітэт ААН у пытаннях правоў чалавека разгледзеў скаргу на ўлады Беларусі, якую даслала маці зніклага экс-міністра Ульяна Захаранка. На ейную думку, справа – цалкам палітычная. І ў гэтым перакананыя ня толькі праваабаронцы.

Справаю Захаранкі займаецца былы следчы, а цяпер праваабаронца Алег Волчак. Ён упэўнены: на Лукашэнку пастанова ААН аніяк не паўплывае, а дакумент набудзе моц толькі пасля змены ўлады ў Беларусі.

«Любая ўлада будзе абавязаная выканаць гэтыя рашэнні, гэта бʼе па іміджы краіны, калі не выконваюцца міжнародныя рашэнні як для інвестараў так і дзелавых партнёраў», – кажа Алег Воўчак.

Высновы міжнародных экспертаў гучаць безапеляцыйна. Камітэт прызнаў парушэнні Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных свабодах паводле трох артыкулаў: права на жыццё, забарона катаванняў і жорсткага абыходжання і права на асабістую недатыкальнасць. Згодна з высноваю адмыслоўцаў, імаверна, Захаранка стаў ахвяраю пазасудовага забойства, якое здзейснілі службовыя асобы.

«Відавочна, што тут прыклалі руку бліжэйшыя паплечнікі Лукашэнкі – Шэйман, Паўлючэнка, Сівакоў, што служылі і служаць яму верай і праўдай», – кажа намеснік старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін.

Пастановы камітэту ААН сямʼя Юрыя Захаранкі чакала ажно тры гады. Цяпер, пасля публікацыі дакументу, улады Беларусі афіцыйна маюць паўгода, каб выканаць патрабаванні – правесці адкрытае расследаванне і пакараць вінаватых. Але, на думку Льва Марголіна, следства не давядуць да канца, а злачынцы не зазнаюць кары.

«Па-першае, яны шмат ведаюць і могуць расказаць пра тое, якія каманды паступалі з самага верху, па-другое, Лукашэнка ўсё ж адчувае, што яму спатрэбяцца адданыя людзі, і апроч гэтых яго ніхто не будзе абараняць», – мяркуе Леў Марголін.

Юрый Захаранка – былы міністр унутраных справаў Беларусі ды апазіцыйны палітык. Ён знік увечары 7-га траўня 99-га года дарогаю дадому ў раёне вуліцы Магілёўскай у Менску. Крымінальную справу распачалІ паводле артыкулу «наўмыснае забойства», але яна незавершаная да гэтай пары. Са словаў былога начальніка СІЗА № 1 Алега Алкаева, Захаранку выкралі ды расстралялі на загад набліжаных да Лукашэнкі.

Настасся Храловіч, «Белсат».