16 кастрычніка ў межах Маратону Салідарнасьці з палітвязьнямі ў сядзібе БНФ прайшла прэзэнтацыя дакумэнтальнага фільма «Kazus Бяляцкага». Фільм прадстаўлялі аўтар сцэнару Ўладзімер Халіп і рэжысэр Юрась Стаюнічаў.
Калі пачнецца афіцыйны шырокі пракат фільму, пакуль невядома — як вырашыць праваўладальнік, віленская прадусарская кампанія «Вісата».
У гутарцы пра справу Бяляцкага ды іншых палітвязьняў Уладзімер Халіп нагадаў лёсы зьніклых палітыкаў — Захаранкі, Ганчара.
— Як жа так магло здарыцца? Усе ж разумныя людзі: Захаранка прафэсійны сьледчы, Ганчар таксама ня першы дзень у палітыцы. Як яны маглі не прыняць нейкія меры бясьпекі каб ня трапіць у гэткую сытуацыю? Я размаўляў зь іхнымі роднымі, і ўсе казалі: яны ведалі пра небясьпеку, былі гатовыя да таго што іх пасадзяць у турму, але ніхто зь іх ня думаў — ёсьць жа нейкая рыса, якую чалавек перайсьці ня можа… А ён можа."
Таму спадар Халіп папярэдзіў пра існую небясьпеку для сёньняшніх палітычных вязьняў і заклікаў кожны дзень працаваць дзеля іх вызваленьня.
— Усе, хто сёньня сядзіць у турме, гэтыя нашыя 12 герояў, знаходзяцца ў вялікай небясьпецы. І мы кожны дзень мусім што-небудзь рабіць каб хаця б падтрымаць, каб наблізіць іх вызваленьне — таму што іх там нельга пакідаць, ён яшчэ што-небудзь прыдумае.
На вечарыне прысутнічала маці зьніклага Зьмітра Завадзкага Вольга, напрыканцы ўсе прысутныя памаліліся разам за яго і іншых зьніклых.
У фільме скарыстанае апошняе на дадзены момант інтэрвію Алеся Бяляцкага, дадзенае ім незадоўга да арышту.
Алесь Бяляцкі — ганаровы грамадзянін Парыжу
Па прапанове мэра Парыжу, а таксама па ініцыятыве гарадзкой рады 11-й акругі сталіцы Францыі рада Парыжу надала званьне ганаровага грамадзяніна Парыжу віцэ-прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, зьняволенаму старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесю Бяляцкаму.
«Алесь Бяляцкі, выдатны беларускі абаронца правоў чалавека, у 2011 годзе быў асуджаны судом сваёй краіны да чатырох з паловай гадоў калёніі строгага рэжыму па выніках несправядлівага працэсу, — гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным на сайце парыскай мэрыі 16 кастрычніка. — Бяляцкі нястомна змагаўся за правы чалавека нягледзячы на пагрозы і кампанію дэзінфармацыі з боку дзяржавы».
У 2010 годзе муніцыпалітэт італійскага гораду Генуя таксама надаў старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесю Бяляцкаму ганаровае грамадзянства. Італійская грамадзкасьць такім чынам выказала сваю занепакоенасьць сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і падтрымку беларускім праваабаронцам.
У 2003 годзе беларускі навуковец Юрый Бандажэўскі стаў ганаровым грамадзянінам Парыжу.
Радыё Свабода