У Маладзечне актывісты «Еўрапейскай Беларусi» правялі акцыю памяці зніклых

23/09/2012

Нагадаем, 13 год таму, 16 верасня, у Мінску бясследна зніклі апазыцыйны палітык Віктар Ганчар і яго сябар бізнэсмэн Анатоль Красоўскі. На меркаваным месцы знікнення былі знойдзеныя аскепкі шкла аўтамабіля Анатоля Красоўскага. Беларуская апазіцыя і міжнародныя арганізацыі дагэтуль патрабуюць расследаваць знікненне Ганчара і Красоўскага.

Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» прынеслі знічы і партрэты Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага, Юрыя Захаранкі і Генадзя Карпенкі да помніка «Пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі», паведамляе сайт ffight.org.

Гэты помнік быў усталяваны намаганнямі Генадзя Карпенкі, які ў свой час быў мэрам Маладзечна. Раптоўная смерць Карпенкі, якая суправаджалася шэрагам загадкавых падзей, адбылася за месяц да альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбараў, прыхільнікі правядзення якіх адмовіліся прызнаць навязаныя Лукашэнкам змены ў Канстытуцыі.

Пасля апошніх «Дажынак» валун з надпісам «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі» і крыжам Еўфрасінні Полацкай перанеслі з цэнтра горада на вугал Вялікага Гасцінца і вуліцы Машэрава. Але ля яго традыцыйна працягваюць праводзіць свае акцыі мясцовыя дэмакратычныя актывісты, а жыхары горада ўскладаюць да яго кветкі.