Вызваленыя Зьміцер Бандарэнка i Андрэй Саньнікаў

15/04/2012

Сёньня а 9:15 з Магілёўскай калёніі №15 быў вызвалены Зьміцер Бандарэнка, давераная асоба кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава, каардынатар «Эўрапейскай Беларусі».

На магілёўскім вакзале ён папрасіў у мінака мабільны тэлефон і патэлефанаваў жонцы Вользе.

14:15 Зьміцер Бандарэнка прыехаў на менскі «Ўсходні» аўтавакзал.

Бандарэнка сказаў, што не спадзяваўся, што яго вызваляць сёньня. Думаў, што праз пару тыдняў. На пытаньне пра здароўе адказаў: «Здароўе няважнае».

«Я буду працягваць грамадзкую дзейнасьць. Хачу, каб краіна была свабоднай, каб была эўрапейскай».

13:40 Вольга Бандарэнка ў інтэрвію Радыё Свабода сказала: "Гэта бясспрэчна вынік эўрапейскіх санкцыяў. Прайшло больш за 5 месяцаў, як Зьмецер Бандарэнка напісаў прашэньне аб памілаваньні — увесь час ішлі нейкія гульні, нейкі гандаль. Аднак калі Эўразьвяз заняў цьвёрдую пазыцыю, улады вымушаныя былі выпусьціць Бандарэнку. Я спадзяюся, Эўразьвяз і надалей будзе трымацца сваёй пазыцыі, і ў выніку выпусьцяць усіх астатніх палітвязьняў. Я размаўляла з сваякамі Бяляцкага, Лобава. Усе чакаюць сваіх на волі. І я таксама хачу, каб яны выйшлі.

13:20 На «Ўсходнім» аўтавакзале каля 100 чалавек сабраліся сустракаць Зьмітра Бандарэнку. Прыехаў таксама Андрэй Саньнікаў з жонкай і сынам, сваякі іншых палітвязьняў: Натальля Пінчук, Марына Лобава, а таксама палітыкі і актывісты. У кароткім інтэрвію Андрэй Саньнікаў сказаў, што галоўная задача найбліжэйшага часу — гэта вызваленьне іншых палітвязьняў.

Летась 7 красавіка Зьмітра Бандарэнку асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Ён ужо мае права на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, аднак, паводле Вольгі Бандарэнкі, у калёніі пакуль не разглядалі гэтага пытаньня, хоць у асуджанага няма правінаў, якія б перашкаджалі гэтаму.

У палітыка пасьля арышту дыягнаставалі некалькі грыжаў дыскаў хрыбетніка і ўшчамленьне сьпіннамазгавых нэрваў. 25 ліпеня яго даставілі з Рэспубліканскай турэмнай бальніцы на вуліцы Валадарскага ў 5-ю бальніцу, дзе на наступны дзень зрабілі апэрацыю.

1 лютага Зьміцер Бандарэнка падаў прашэньне пра памілаваньне. 5 красавіка Лукашэнка заявіў, што бліжэйшым часам разгледзіць пытаньне пра памілаваньне палітыкаў, якія зьвярнуліся да яго з такой просьбай.

14 красавіка быў вызвалены зь віцебскай калёніі кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году Андрэй Саньнікаў.

Саньнікаў сказаў, што Данік сустрэў яго прыязна, але спачатку саромеўся. У шпіталь Саньнікаў ісьці не зьбіраецца, бо пачуваецца здаровым і фізычна, і маральна.

Наконт вызваленьня палітвязьняў Саньнікаў сказаў: «Я думаю, ідзе нейкая гульня. Калі вызвалялі ў верасьні, то таксама зьяўляліся розныя паведамленьні. Цяпер наверсе зьбіраюць рэакцыі на нашае вызваленьне. Я думаю, што ўсіх павыпускаюць найбліжэйшым часам».

Саньнікаў лічыць, што пакуль ня вызваляюць усіх палітвязьняў, ніякіх крокаў насустрач рэжыму быць не павінна. На пытаньне, ці будзе ён працягваць удзельнічаць у палітыцы, Саньнікаў адказаў: «Я буду жыць».

2.05 На Прывакзальнай плошчы Менску сустракалі вызваленага з турмы экс-кандыдата на выбарах прэзыдэнта 2010 года Андрэя Саньнікава.

На пляцоўцы перад галоўным уваходам у вакзал з кветкамі сабралася каля ста прыхільнікаў і паплечнікаў палітыка, праваабаронцы, былыя палітвязьні, іх сваякі, родныя тых, хто цяпер працягвае знаходзіцца ў вязьніцах. Сустракалі Андрэя Саньнікава і ягоная цешча Люцына Бяльзацкая і цесьць Уладзімер Халіп.

Маці палітвязьня Ала Ўладзімераўна засталася дома па прычыне хваробы. А жонка Ірына Халіп не змагла прыехаць на гэтую сустрэчу з-за забароны выходзіць на вуліцу пасьля 22 гадзіны, якая дзейнічае пасьля яе ўласнага выраку за Плошчу. Яна з сынам Данікам чакала Андрэя ўжо дома.

Андрэя Саньнікава зь Віцебска на машыне прывёз ягоны прэсавы сакратар Аляксандр Атрошчанкаў, таксама былы палітвязень.

Пасьля абдымкаў, словаў вітаньня, аплядысмэнтаў, выгукаў «Жыве Беларусь!», «Наш прэзыдэнт!» Андрэй Саньнікаў падзякаваў усім, хто прыйшоў яго павітаць, і ўсім, хто яго падрымліваў гэтыя паўтара гады, якія ён правёў у зьняволеньні:

«Дзякую ўсім за падтрымку, за салідарнасьць. Я пакуль яшчэ не ведаю, на якім я сьвеце, але лічу, што тая салідарнасьць, якая была, падтрымка, ня толькі вызваліла, але і выратавала мяне».Андрэй Саньнікаў папрасіў, каб ягоныя словы салідарнасьці перадалі ўсім, зазначыў важнасьць падтрымкі з боку беларусаў, ягонай сям’і, якая шмат рабіла для ягонага вызваленьня, ўсяго беларускага грамадзтва:

«Менавіта гэта выклікала міжнародную салідарнасьць. А зараз мы павінны дамагацца, каб вызваліць іншых палітвязьняў. Гэта зараз самае галоўнае».

Больш падрабязна адказаць на пытаньні журналсітаў Саньнікаў ня змог:

«Усе адказы — заўтра. Мая сям’я па-ранейшаму ў закладніках».
Каля 23.00 Андрэй Саньнікаў на аўто са сваімі паплечнікамі выехаў зь Віцебску ў Менск. Тым часам Сяргей Парсюкевіч, які першым сустрэў Саньнікава пасьля вызваленьня, у сваім Фэйсбуку паведамляе, што «ў даведцы аб вызваленьні Андрэя Алегавіча было напісана, што ён адпушчаны на падставе ўказу аб памілаваньні АСУДЖАНЫХ — у множным ліку».

Ірына Халіп напісала ў Фэйсбуку: Муж едзе дадому. Ехаць за ім альбо хаця б насустрач я не магу — паводле ўмоваў прысуду я ня маю права выходзіць з кватэры пасьля 22:00. Так што ўбачу мужа апошняй — пасьля таго, як нашы сябры і мае калегі сустрэнуць яго на вакзале.